Працягваецца бестэрміновая галадоўка актывістаў „Матчынага руху 328”



У Пухавічах (Менская вобласць) і Калінкавічах (Гомельская вобласць) працягваецца бестэрміновая галадоўка актывістаў „Матчынага руху 328”, якія патрабуюць змякчэння пакарання па арт. 328 КК для сваіх дзяцей.

Пад Менскам у галадоўцы ўдзельнічаюць восем актывістаў. У Калінкавічах колькасць удзельнікаў галадоўкі вырасла таксама да васьмі чалавек — сёння да іх далучылася жыхарка Жыткавічаў.

Як паведаміла БелаПАН лідар руху Ларыса Жыгар, удзельнікі галадоўкі ўжываюць толькі пітную ваду. На чацвёрты дзень галадання іх самаадчуванне пагоршылася. У некаторых, паведаміла Жыгар, „скача ціск, адзначаецца тахікардыя, кружыцца галава”. „Аднак мы маем намер стаяць да апошняга”, — заявіла лідар руху.

Яна паведаміла, што ў Менскай вобласці чыноўнікі пакуль ніяк не рэагуюць удзельнікаў галадоўкі, прытым што ў Калінкавічах, дзе галадае другая група, жанчын наведаў кіраўнік мясцовага райвыканкама.

„Ён прапанаваў сустрэчу з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Качанавай”, — расказала Жыгар. Аднак, паводле яе слоў, удзельнікі галадоўкі настойваюць на сустрэчы з тымі высокапастаўленымі чыноўнікамі, ад якіх наўпрост залежыць вырашэнне праблемы: кіраўніком МУС Ігарам Шуневічам, старшынёй Вярхоўнага суда Валянцінам Сукалам, генпракурорам Аляксандрам Канюком, старшынёй Следчага камітэта Іванам Наскевічам, памочнікам прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы Віктарам Лукашэнкам, а таксама кіраўнікамі Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі.

У выніку ўлады Калінкавічаў прапанавалі ўдзельнікам галадоўкі прыйсці 2 траўня к 16 гадзінам у Адміністрацыю прэзідэнта, паабяцаўшы, што на гэту сустрэчу будуць запрошаны чыноўнікі з прапанаванага актывістамі спіса.

Паводле інфармацыі Жыхар, калі ніхто з гэтага спіса не прыйдзе на сустрэчу ў Адміністрацыю прэзідэнта, 2 мая актывісты „Матчынага руху 328” у Віцебскай і Гарадзенскай абласцях таксама далучацца да галадоўкі.

Актывісты грамадскай ініцыятывы „Матчын рух 328”, якая аб’ядноўвае сваякоў асуджаных па артыкуле 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў), абвясцілі бестэрміновую галадоўку 27 красавіка. Мэта акцыі — прыцягнуць увагу ўладаў да неабходнасці змякчэння пакарання па гэтым артыкуле. Бацькі асуджаных таксама патрабуюць стварыць камісію па пераглядзе адпаведных крымінальных спраў пачынаючы з 2013 года і ўнесці змены ў заканадаўства, у тым ліку для больш шырокага прымянення амністыі і ўмоўна-датэрміновага вызвалення да асуджаных па арт. 328 КК.

belapan.by