Агульнабеларуская сустрэча каталіцкай моладзі ў Гародні
Форум праходзіць у дзяльніцы „Дзевятоўка” ў парафіі Найсьвяцейшага Адкупіцеля. Яго арганізатар – Каталіцкая Царква. Тэмай сустрэчаў сталі словы Евангелля паводле Лукі: ” Не бойся, Марыя, бо знайшла ты ласку ў Госпада”. У праграме: супальныя малітвы, канферэнцыі, катэхетычныя дыскусіі. Галоўным госцем сустрэчаў стаў апостальскі нунцый у Беларусі архібіскуп Габэр Пінтэр.
Сваімі ўражаннямі дзеліцца моладзь, якая прыехала ў Гародню:
– Мы – з Полацку. Нас, на жаль, толькі два ўдзельнікі. Уражанні яскравыя. Шмат эмоцыяў станоўчых. Усё падабаецца, шмат моладзі. Вельмі запальвае, натхняе, насычае Святым Духам. Столькі эмоцый, духоўныя спевы. Чакаю свайго выступу, таму вельмі хвалююся.
На сустрэчу моладзі прыехала ў Гародню дзве тысячы гасцей з усёй Беларусі. Шмат з іх спыняліся ў кватэрах вернікаў. Асабліва шмат прыемных клопатаў атрымалі гарадзенскія валанцёры.
– Мы – валанцёры. Мы разводзілі людзей па кватэрах. Яны былі вельмі прыязныя, адкрытыя. Нават дапамагалі нам шукаць гэтыя адрасы на картах. Мы знайшлі шмат новых сяброў. Пазнаёміліся з людзьмі з усёй Беларусі.
Для Гародні гэта ўжо дваццаць пятыя дыяцэзійныя Дні моладзі, якія спалучаны з Трэцімі агульнабеларускімі. Падчас сустрэчаў прайшло надзвычайнае паседжанне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, на якім удзельнікі пастанавілі, што ў Беларусі, у тэкст Латэранскай літаніі да Найсьвятой Багародзіцы, увесьці заклік „Каралева Беларусі”.
[Not a valid template]
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара