Сяргей Фешчанка: Любы чалавек мае права з’явіцца на вуліцы



Стварэнне безбар’ернага асяроддзя на Гарадзеншчыне не адпавядае прынятай дзяржаўнай праграме па сацыяльнай інтэграцыі інвалідаў.

Сродкі ў памеры аднаго мільёна сяміста тысяч даляраў у мінулым годзе былі выкарыстаныя на стварэнне адпаведных умоваў для інвалідаў-калясачнікаў на 132 аб’ектах сацыяльнай інфраструктуры.

Асабліва дрэнны стан безбар’ернага асяроддзя назіраецца ў раённых цэнтрах і сельскай мясцовасці, што, па словах старшыні гарадзенскай арганізацыі інвалідаў, калясачнікаў Сяргея Фешчанкі – адлюстроўвае рэальную сітуацыю, у якой апынуліся людзі:

Любы чалавек мае права з’явіцца на вуліцы і ў будынку любой арганізацыі, дзе для яго павінна быць створаная добразычлівая атмасфера – каля будынку і ў будынку, гэта замацавана заканадаўствам, якое, на жаль, практычна ігнаруецца. 

У гатэлях Гародні для інвалідаў абсталявана толькі тры нумары – усе ў прыватных гасцініцах.

Ва ўсіх гатэлях Гарадзенскай вобласці колькасць нумароў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі не перавышае 10. Не лепей выглядае сітуацыя і ў санаторных установах, дзе колькасць адпаведных пакояў у 10 разоў меншая за гарантаваную заканадаўствам.

Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Інваліды са Століна, што на Берасцейшчыне, пераймаюць досвед у латвійскіх ды польскіх партнёраў. У Латвіі добрыя сувязі наладжаныя з цэнтрам інвалідаў у горадзе Ікш-кіле, а ў Польшчы ў Любліне. Акрамя гэтага, партнёраў аб’ядноўвае праект “Свет бяз межаў”.

Калі ў Латвіі досыць добра арганізавана сацыяльна-рэабілітацыйная праца, то ў Польшчы – дзейнасць адмысловых майстэрняў, адзначыў старшыня столінскай арганізацыі інвалідаў Міхаіл Скрабейка:

– У Польшчы я пабачыў вельмі добрую майстэрню па працы з дрэвам. Там усе майстэрні добрыя. Вельмі добрая вітражная майстэрня. Там інваліды знахозяцца ў майстрэнях, як у нас у дзённым стацыянары – іх прывозяць туды яны працуюць, а пасля іх вывозяць. 

У Століне дзейнічае інфармацыйна-навучальны цэнтр для інвалідаў, аналагаў якога ў Беларусі няма. Пры арганізацыі гэтай майстэрні ўлічаны польскі досвед.

 Беларускае Радыё Рацыя