Пра цяжкія жыццёвыя сітуацыі



Дэкрэт аб дармаедах існуе не першы год. А ўлады ўсё ніяк не могуць вызначыцца з пералікам цяжкіх жыццёвых сітуацый, падчас якіх чалавек не будзе лічыцца дармаедам.

Міністэрства сацыяльнай абароны плануе вызначыцца з гэтым пералікам цяжкіх жыццёвых сітуацый у самы бліжэйшы час: у траўні-чэрвені. Дзеля гэтага супрацоўнікі міністэрства нават згодныя выехаць у рэгіёны. А там… а там яны семінары правядуць і сустрэнуцца з прадстаўнікамі камісій па садзейнічанні занятасці. Насычаная праграма, нічога не скажаш. Акурат падчас семінараў і можна вызначыць пералік цяжкіх жыццёвых сітуацый. Заўважце, не падчас круглых сталоў, дзе збяруцца разам чыноўнікі з дармаедамі, а менавіта падчас семінару. Як сказаў неяк мне аднойчы адзін чыноўнік: “Семінары – гэта добра: там кавай і печывам частуюць”. Вось пад гэтую халяўную каву чыноўнікі і вызначаць, хто дармаед, а хто знаходзіцца ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях. На жаль, тых, хто насамрэч знаходзіцца ў гэтых цяжкіх сітуацыях, зваць на банкет не будуць.

Затое міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч патлумачыла, што дэкрэт уводзіцца не дзеля атрымання грошай у бюджэт з дармаедаў, а дзеля стымулявання актыўнасці з боку насельніцтва на рынку працы. Вось дзякуй. Цяпер будзем ведаць, калі б не дэкрэт аб дармаедах, то насельніцтва зусім перастала б працаваць. Як жа гэта мы раней жылі? Затое цяпер на 100% ведаем, што дэкрэт гэты створаны дзеля нас жа саміх. А тое беларусы ўсё думалі, што ім дэкрэт патрэбны, як сабаку пятая лапа. А Міністэрства сацыяльнай абароны адназначна сказала нам, што мы памыляемся.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ