Алесь Краўцэвіч: У краіне адсутнічае сістэма рэстаўрацыі
Многія гістарычныя аб’екты ў Беларусі знаходзяцца ў занядбаным стане. Асабліва ў рэгіёнах. Нядаўна стала вядома пра тое, што ў вёсцы Паланэчка пад Баранавічамі абваліліся дзве сцяны правага флігеля палаца Радзівілаў. У той жа час на Лідчыне руйнуецца брама 18-га стагоддзя таксама з “радзівілаўскіх” уладанняў. “Зразумела, што адчуванні ад гэтых навінаў вельмі прыкрыя, але тут няма нічога дзіўнага, тут хутчэй заканамернасць”, – кажа прафесар Алесь Краўцэвіч:
– Нібыта ў нашай краіне выдзяляюцца сродкі на рэстаўрацыю, на так званыя топ-аб’екты, як Нясвіжскі замак, як Мірскі замак, яшчэ некаторыя аб’екты. Але ў краіне адсутнічае сістэма рэстаўрацыі. Гэта самае галоўнае. І таму аб’екты на перыферыі могуць быць вельмі важнымі, але закінутымі. Таму што там няма ніякай сістэмы ні іх аховы, ні іх кансервацыі, ні маніторынгу іх стану.
“Самая вялікая праблема нашай сістэмы рэстаўрацыі – гэта адсутнасць кваліфікаваных майстроў”, – працягвае гісторык:
– Я не ведаю ў Беларусі спецыялістаў за шматлікую практыку, якія могуць выкласці арачнае акно так, як яно выглядала ў Новы час, або ў Сярэднявеччы. Я лічу, што напрыклад, павінна быць усё ж такі на ўсю краіну нейкая мабільная структура, брыгада высокакваліфікаваных майстроў з інструктарамі з Польшчы, напрыклад, з Чэхіі, таму што рэстаўрацыйная праца – гэта вельмі марудная праца, вельмі малааб’ёмная праца.
Адказваючы на пытанне нашага радыё пра цікавасць еўрапейскіх турыстаў да беларускіх гістарычных аб’ектаў, прафесар Алесь Краўцэвіч заўважае, што замежнаму турысту будуць цікавыя толькі некаторыя нашыя аб’екты, якія нясуць нацыянальны адбітак. Гэта беларуская готыка, беларускі рэнесанс, віленскае ці беларускае барока, то бок тое, чаго няма на Захадзе.
Цалкам размова:
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя