Парламент прагаласаваў супраць Пашыняна на выбарах прэм’ера Арменіі



Дэпутаты нацыянальнага сходу Арменіі (парламент) прагаласавалі супраць лідара пратэстаў Нікола Пашыняна, які вылучаўся на пасаду прэм’ер-міністра.

На пасяджэнні прысутнічалі 102 дэпутаты з 105. Для перамогі Пашыняну неабходна было атрымаць як мінімум 53 галасы. За яго кандыдатуру выступіла 45 дэпутатаў, супраць — 55.

Згодна з Канстытуцыяй Арменіі, калі з першай спробы парламент не выбірае прэм’ера, то на сёмы дзень павінна быць праведзена новае галасаванне з новымі кандыдатамі.

На гэты раз кандыдатуру на пасаду прэм’ера зможа вылучаць як мінімум адна траціна ад агульнага ліку дэпутатаў (35) незалежна ад іх прыналежнасці да фракцыі. Калі прэм’ер-міністр з другога разу не абіраецца большасцю галасоў ад агульнай колькасці дэпутатаў, парламент распускаецца. В.а. прэм’ера да перавыбараў парламента ў гэтым выпадку застанецца Карэн Карапецян.

Пашынян стаў адзіным кандыдатам на пасаду прэм’ера, які быў вылучаны ад парламенцкіх фракцый на галасаванне 1 траўня. Яго вылучыў у якасці кандыдата на пасаду прэм’ера апазіцыйны блок «Елк», які ён узначальвае ў парламенце.

РБК