Звольнены міністр энергетыкі Патупчык



Міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык вызвалены ад займанай пасады. Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка, паведаміла прэс-служба кіраўніка краіны. Прычына звальнення не называецца.

Патупчык нарадзіўся 17 лістапада 1958 года ў Светлагорску Гомельскай вобласці. У 1980 годзе скончыў Беларускі політэхнічны інстытут па спецыяльнасці „Цеплавыя электрычныя станцыі”, у 2002-м — Расейскую акадэмію дзяржаўнай службы пры прэзідэнце РФ па спецыяльнасці „Дзяржаўнае і муніцыпальнае кіраванне”.

У 2004 годзе прызначаны памочнікам прэзідэнта — галоўным інспектарам па Менску. У 2006—2009 гадах — міністр працы і сацыяльнай абароны, у 2009—2010-м — намеснік прэм’ер-міністра, у 2011—2012-м — намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу. 22 красавіка 2013 года быў прызначаны міністрам энергетыкі.

24 красавіка падчас выступлення з пасланнем народу і парламенту Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў працу Мінэнерга і яго кіраўніка, а таксама кіраўніцтва падпарадкаваных арганізацый.

„Вы чулі, як працуе ў нас міністр энергетыкі і міністэрства, — сказаў афіцыйны лідар. — Нават вялікія начальнікі незразумела якіх там канцэрнаў — цяпер разбіраюся там з гэтай структурай — запілі настолькі, што на працу забыліся хадзіць. Як толькі выкінулі на вуліцу (даўно гэта трэба было зрабіць), абаронцы ад прэм’ер-міністра да хатніх гаспадынь пабеглі да прэзідэнта абараняць, які ён добры, пакуль не ткнулі носам у тыя праблемы, якія там існуюць”.

„Я нездарма гэту зрабіў заўвагу. Паглядзіце, што вы там п’яце, колькі і з кім”, — дадаў Лукашэнка.

У канцы красавіка гэтага года быў адхілены ад пасады дырэктар падначаленага Мінэнерга дзяржаўнага вытворчага аб’яднання „Белэнерга” Яўген Воранаў.

belapan.by