Яраслаў Чарназуб: Мы пачалі ваяваць і разумець, што ідзе вайна



Пятро Парашэнка заявіў пра неабходнасць змены тактыкі ў антытэрарыстычнай аперацыі. Паводле кіраўніка Украіны, трэба звузіць зону правядзення аперацыі на ўсходзе краіны, узмацніць ахову мяжы і забяспечыць абарону мірнага насельніцтва. Поспех антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе ўкраінскі палітолаг Яраслаў Чарназуб звязвае з псіхалагічным пераломам ва ўкраінскім войску:

– Мы пачалі ваяваць і разумець, што ідзе вайна. Нарэшце малодшы камандзірскі склад украінскага войска ўзяўся за работу, не звяртаючы ўвагу на пазіцыю і палітыку кіеўскіх «лампаснікаў», якая прывяла да смерці шматлікіх украінскіх жаўнераў. Веру ў тое, што прэзідэнт давядзе пачатую справу да канца, нягледзячы на блюзнерскую пазіцыю Францыі і Нямеччыны.

Сёння ўкраінскія вайскоўцы прарвалі пазіцыі сепаратыстаў на захад і поўдзень ад Луганску і шчыльна наблізіліся да гэтага абласнога цэнтру, актыўныя баі працягваюцца таксама ў ваколіцах Данецку. За час правядзення антытэрарыстычнай аперацыі, ахвярамі сталі каля 300 украінскіх вайскоўцаў і каля тысячы мірных жыхароў.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

Фота gordonua.com