Усевалад Сцебурака прэзентаваў у Гародні сваю новую кнігу
Усевалад Сцебурака прэзентаваў у Гародні сваю кнігу вершаў „Сны Дарог”. Трэці зборнік вершаў прысвечаны не толькі жыццю, але і напоўнены каханнем да жанчыны, любові да Радзімы.
Выданне мае малы, амаль кішэнны фармат, які шмат у чым нагадвае добрыя для чытання беларускія кніжкі паэзіі мінулага стагоддзя.
Кажа аўтар:
– Гэта ў харошым сэнсе, як мне падаецца, класіка. Класічныя вершы, рыфмаваная паэзія, тая, пра што гаворыцца, якой даўно наканавана знікненне, што ўжо ніхто так не піша, што ўся Еўропа даўно ад гэтага адмовілася, што маладыя літаратары многія ад гэтага адмовіліся… Не. Гэта кніга абсалютна лірычная. Гэта кніга класічных рыфмаваных вершаў. Наконт наколькі грамадзянская лірыка, – тут усяго патрошкі ёсць. Я б сказаў так, тут ёсць жартоўныя вершы, абсалютна хуліганскія, іранічныя, ёсць вершы, якія напісаныя на поўным сур’ёзе на глабальныя тэмы, трошкі гістарычная тэматыка.
Кніжку аўтар прысвяціў „родным па духу і крыві”. І не дарэмна. Бо патрыятычным вершам Усевалад Сьцебурака адвёў у кніжцы цэнтральнае месца.
Прэзентацыя ў Гародні прайшла ў культурнай пляцоўцы „Цэнтр гарадскога жыцця”.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара