Бізнес-шмізнес
Жыццё паказвае, што ў нашай прасунутай IT-арыентаванай дзяржаве злачынцу могуць знайсці і пакараць нават праз пэўны час пасля здзейсненага… “Няправільнага” лайка ці перапосту ў сацыяльных сетках. Быццам голку са стога сена выцягнуць – не заржавее!
І ўсё ж здараюцца больш складаныя выпадкі для спадароў-следчых. Супрацоўнікі крымінальнага вышуку Цэнтральнага РУУС горада-героя Менска вышукваюць пацярпелых ад махлярскіх дзеянняў 26-гадовага менчука і… яго самаго. Апошні паабяцаў правесці ў гатэлі «Вікторыя» па праспекце Пераможцаў семінар на тэму «Запуск бізнесу: як зэканоміць на старце». Зэканомілі! Грамадзяне, якіх тэма зацікавіла, аплочвалі свой удзел у названым мерапрыемстве – пераводзілі сумы на рахунак EazyPay махляра. Семінар так і не адбыўся, а грамадзянам была нанесеная пэўная матэрыяльная шкода.
Дарэчы, будучыя “бізнесмены” са сваім “гуру” бізнесу мелі зносіны выключна праз інтэрнэт. Ім можна толькі паспачуваць – атрымалі накаўт на старце. Як і іншым пацярпелым, што мінулым летам аддалі свае грошыкі форэкс-махлярам ужо з кампаніі Trade12. Прадстаўнікі гэтый фірмы тэлефанавалі беларусам і прапаноўвалі выгодна і звышпрыбыткова інвеставаць фінансы. Прасцей кажучы, гандляваць на рынку Forex. Хтосьці пачаў інвеставаць са 100 долараў і перайшоў на тысячы. Хтосьці змог вярнуць грошы (па чутках!), але большасць ідзе па дапамогу да праваахоўных органаў. Толькі вось гэта ўжо не лайкі ў сацыяльных сетках – іншы ўзровень кампутарнай граматнасці… Ды і злачынцы могуць быць далёка за межамі Беларусі.
Думайце самі і самі вырашайце, што рабіць са сваімі кроўнымі прыбыткамі!