Менгарсуд пакінуў у сіле прысуд Святаславу Барановічу



Калегія па крымінальных справах Менскага гарадскога суда 4 траўня разгледзела апеляцыйную скаргу Святаслава Барановіча і пакінула яе без задавальнення.

Барановіч, які дапамагаў анархістам адбіцца ад супрацоўнікаў міліцыі пасля „Маршу недармаедаў” ў Менску ў сакавіку мінулага года, асуджаны на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Суд Маскоўскага раёна Менска прызнаў яго вінаватым у нанясенні удараў супрацоўніку міліцыі.

Сёння ў судзе адвакат Наталля Мацкевіч хадайнічала пра змену меры стрымання падабароннаму, які знаходзіцца пад вартай, а таксама пра выклік яго ў суд, аднак абодва хадайніцтвы былі адхіленыя.

У скарзе Барановіч звярнуў увагу на тое, што ў момант нанясення некалькіх удараў супрацоўніку міліцыі ў цывільным ён не ведаў аб яго прыналежнасці да сілавых структур, пра што казаў падчас папярэдняга следства. Аднак на судзе свае паказанні змяніў дзеля змякчэння пакарання.

На думку адваката, судом першай інстанцыі доказы па справе вывучаныя выбарча, а сам суд прайшоў „з ухілам абвінавачання”. Паводле яе слоў, з 10 сведак-міліцыянераў у судзе выступілі толькі двое. Яны не адмаўлялі, што ў момант інцыдэнту былі ў цывільным адзенні, ніяк сябе не пазначалі, не называлі сябе, не выказвалі ніякіх патрабаванняў да грамадзян. Акрамя таго, адзначыла Мацкевіч, не быў выкліканы ў суд ключавы сведка па справе. Довады абвінавачанага пра тое, што ён меркаваў прыналежнасць людзей у цывільным да міліцыі, падкрэсліла адвакат, не могуць быць прызнаныя дастатковымі для крымінальнага следства.

Не быў бясспрэчна ўсталяваны намер Барановіча на аказанне гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўніка міліцыі, што прадугледжвае пакаранне на падставе артыкула 364 КК„, — падсумавала адвакат.

Пракурор ні з адным довадам абароны не пагадзіўся і не палічыў патрэбным накіроўваць крымінальную справу на перагляд.

На пасяджэнне прыйшлі прыблізна два дзясяткі грамадскіх і палітычных актывістаў, у тым ліку Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец, Вячаслаў Сіўчык.

Прамова пракурора выклікала ў многіх з іх абурэнне. У выніку супрацоўнікі міліцыі вывелі некаторых з залы суда. Севярынец сам пакінуў залу ў знак пратэсту.

У зале падчас разгляду справы дзяжурылі супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным, яны ж працягвалі сачыць за актывістамі на ганку будынка.

Бойка адбылася 15 сакавіка 2017 года ў тралейбусе № 37 на прыпынку „Плошча Бангалор” пасля акцыі, санкцыянаванай сталічнымі ўладамі. Супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным затрымалі групу маладых людзей, якія селі ў тралейбус пасля маршу, у іх ліку былі анархісты. Некалькі чалавек, у тым ліку Барановіч, спрабавалі дапамагчы анархістам адбіцца ад сілавікоў.

Барановіч быў затрыманы праз паўгода, у пачатку кастрычніка, і змешчаны ў СІЗА № 1 Менска. Увесь час да суда ён знаходзіўся ў зняволенні.

Характэрна, што міліцыянер, які праходзіў па справе як пацярпелы, на судзе заявіў, што не мае ніякіх прэтэнзій да падсуднага.

Барановіч прызнаў сябе вінаватым, але заявіў, што не ведаў, што гэта быў супрацоўнік міліцыі, бо формы на ім не было.   БелаПАН