Xoroshe. Падляшскі дызайн у модзе



Дагэтуль, калі ў Польшчы мова ішла пра народныя ўзоры ў модзе, то найчасцей выкарыстоўваліся матывы ловіцкай выцінанкі. Дзякуючы новаму брэнду Xoroshe недаацэненыя падляшскія ўзоры маюць шанец на выратаванне ад забыцця і новае, сучаснае жыццё.

budzma6-800x533

Інтэрв’ю з Магдаленай Петрук, уладальніцай брэнда Xoroshe.

Вы вырашылі ўвесці падляшскія ўзоры ў моду. Адкуль яны паходзяць?

– Я думаю, што мода на фолк і этна, гэтак жа ў галіне моды, як і дызайне, гэта агульнаеўрапейскі трэнд. Маё натхненне з’яўляецца матэрыяльнай культурай Падляшша і Палесся, якую я высока цаню і даволі добра ведаю. Мяне натхняе ўсё, што створана рукамі, атрымана ў спадчыну ад продкаў, формы і метады. Удзельнічаю ў майстар-класах, езджу ў сельскую мясцовасць у экспедыцыі, вучуся плесці, ткаць, рабіць выцінанкі – гэта крыніца ідэй для Xoroshe. Здабытыя з вытокаў веды дазваляюць мне сцвярджаць, што прыгажосць і арыгінальнасць праектаў натхнёныя мясцовымі традыцыямі Беласточчыны не саступаюць ловіцкім і курпёўскім узорам. Ніхто іх да гэтага часу проста не папулярызаваў.

[youtube id=”VCbcvvuNARI”]

Адкуль гэта захапленне фальклорам і этнаграфіяй, а таксама ідэя аб перанясенні яго ў свет моды?

– Безумоўна вялікім натхненнем і крыніцай ведаў для мяне з’яўляецца супраца з Музеем малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах, які быў заснаваны Дарафеем Фіёнікам і яго сям’ёй. Музей размешчаны на ўскраіне Бельска-Падляшскага, гэта вельмі цудоўнае месца для творчай самарэалізацыі. Гэта такі наш падляшска-палескі цэнтр культуры. Менавіта там я навучылася размалёўваць велікодныя яйкі, ткаць, я даведалася пра шматлікія абрады, якія цяпер ужо збольшага забытыя. Нашыя бацькі масава пераехалі ў горад, дзе ва ўмовах хуткага жыццёвага рытму не было месца пляценню павукоў на святы, бо дзе было ўзяць салому, не апрацоўваючы раллю? Шмат якія прафесіі, такія як шапавальства, былі цалкам закінутыя. Раней у Кракаве я вывучала этнаграфію і польскую літаратуру ў Ягелонскім універсітэце. У Xoroshe я магу спалучаць дзве гэтыя зацікаўленасці: графічнае праектаванне і традыцыйную культуру.

Ваша крама прапануе кашулькі з народным арнаментам, торбы, арыгінальныя мужчынскія нагавіцы ды іншае. Што яшчэ з’явіцца пад гэтай маркай?

– Xoroshe спрабуе аб’яднаць сучаснасць і традыцыі. Паступова папаўняем нашу інтэрнэт-краму ўнікальнымі таварамі, якія зроблены ўручную. Этнадызайн у модзе – гэта спроба выйсці з традыцыйнымі мадэлямі на новы абшар. Цяпер узоры выцінанак, якiя ствараюцца ў Падляшскім рэгіёне, можна ўбачыць у модным клубе, у школе, на вуліцы. Гэта выконвае падвойную функцыю: распаўсюджвае тое, што ў нас з’яўляецца цэнным і вартасным, а па-другое, выхоўвае. Па-трэцяе, а на самай справе па-першае, гэта прыгожа, ці проста xoroshe.

Адкуль паходзіць назва брэнда?

– Так, Xoroshe (Хорошэ), значыць прыгожае альбо добрае. Гэта слова паходзіць з падляшскага дыялекта, цікава тое, што яно не існуе ў такім выглядзе ні ў расейскай, ні ў іншай мове. Толькі нашыя падляшскія і палескія бабулі крычаць „Хорошэ!” Калі нешта асабліва ім падабаецца. І мы таксама такім чынам выказваем энтузіязм нашай традыцыі.

Якімі тэхнікамі вырабляюцца рэчы?

– Мужчынская лінія, streetwear, гэта ў асноўным сітадрук высокай якасці на баваўняных кашульках. Штодзённае адзенне павінна быць практычным, добрай якасці, бо мы носім яго штодзённа. Характэрнай рысай торбаў з’яўляецца тып матэрыялу, гэта лён тканы на кроснах ды іншыя віды рэдкіх відаў ільну, вышытых чырвоным узорам, які запазычаны з абрадавых ручнікоў, якія характэрныя для ўсходнеславянскіх культур: беларускай, украінскай, малдаўскай. Хоць і ў Нарвегіі можна знайсці падобныя элементы ўзораў. Лінія premium – гэта вышытыя сукенкі, сарочкі – традыцыйныя вышыванкі ды іншыя неспадзяванкі. Мы займаемся рэканструкцыяй аўтэнтычных падляшскіх народных строяў, а таксама ствараем больш сучасныя версіі. Ёсць таксама праекты лініі для дзяцей. Мы дбаем пра тое, каб нашыя рэчы былі высокай якасці, таму праца над кожнай рэччу займае пэўны час. Прадаем таксама вырабы лакальных майстроў, якія робяцца ў асноўным з натуральных матэрыялаў: ільну, воўны, саломы, дрэва. Прыгожыя рэчы былі і ёсць на Падляшшы, мы толькі хочам паказь іх больш шырокай аўдыторыі, і нават свету! Габелены, валёнкі, плеценыя з саломы кошыкі – ў нас ёсць шмат ідэй.

Ці будзе гэта толькі беларускі дызайн, ці таксама штосьці іншае?

– Гэта будзе падляшскі і палескі дызайн, мы прытрымліваемся гэтага. Рэгіён у культурным і этнаграфічным значэнні не звязаны з нацыянальнымі межамі дзяржаў. Мы гэтыя межы свабодна перасякаем, я шмат падарожнічаю па Беларусі, і там на памежжы сустракаю тыя ж самыя ўзоры, што і ў нас на Падляшшы. Пад Гародняй жанчыны шыюць так жа, як у Сухаволі, Крынках, а ў Пружанах і Берасці этнаграфічныя музейныя выставы вельмі падобныя на тыя, што ў гміне Орля ці Бельску. Ніжэй і больш на ўсход паволі пераходзім на Палессе. Стараюся не называць традыцыйныя ўзоры нацыянальнымі катэгорыямі, бо яны старэйшыя за дзяржавы. Наш рэгіён з’яўляецца шматнацыянальным, дзе спалучаюцца розныя этнічныя групы, якія пражываюць разам у гармоніі на працягу тысяч гадоў. Мы жылі разам, адбывалася ўзаемапранікненне. Праваслаўныя, каталікі, іўдзеі, мусульмане жывуць на гэтых тэрыторыях, ствараючы ўнікальную падляшскую культурную тканку. Мы гэта шануем.

Падляшскі дызайн мае шанец прабіцца па-за межы рэгіёна?

Вядома, што так. Я ганаруся Падляшшам, якое багатае на цудоўныя ідэі, рэчы, пейзажы, людзей. У нейкім сэнсе, ужо прабілася, у нас ёсць шмат замоваў з Варшавы, Познані, Кракава.

Xoroshe – гэта пакуль інтэрнэт-крама, а ці будзе ў вас уласнае памяшканне?

Ёсць ужо пункт атрымання замоўленых рэчаў на www.xoroshe.pl, а дакрануцца і прымерыць іх можна будзе ў галерэі Пад Аркадамі (Pod Arkadami) на Рынку Касцюшкі ў Беластоку.

[Not a valid template]

bialystok.gazeta.pl

Фота xoroshe.pl