У Магілёве адкрыўся партнёрскі цэнтр амерыканскага пасольства „Усё пра ЗША”



Партнёрскі цэнтр амерыканскага пасольства „Усё пра ЗША” адкрыўся 4 траўня ў Магілёўскім аддзяленні Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі. Ён стаў 11-й падобнай структурай у Беларусі.

Як паведамілі стваральнікі цэнтра, пасольства ЗША перадало бібліятэцы ўнікальныя рэсурсы — абсталяванне для ўладкавання цэнтра і крэатыўнай прасторы MakerSpace, кнігі і іншыя матэрыялы, прысвечаныя культурнай разнастайнасці Амерыкі.

„Цэнтр дае магчымасць скарыстацца нашай інавацыйнай лабараторыяй, дзе вы можаце даведацца пра 3D-друк, наведаць культурныя мерапрыемствы, паглядзець кінафільмы, прайсці навучанне на вэбінарах для выкладчыкаў англійскай мовы і многае іншае. Нашы праграмы будуць цікавыя наведвальнікам розных узростаў, сфер дзейнасці і рознага ўзроўню валодання англійскай мовай, а самае галоўнае, што ўсе нашы мерапрыемствы і паслугі абсалютна бясплатныя”, — заявіла на адкрыцці партнёрскага цэнтра загадчыца Магілёўскага аддзялення Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі Ганна Мядзведская. Паводле яе слоў, цэнтр будзе шмат у чым цікавы школьнікам 4—11-х класаў, студэнтам, настаўнікам англійскай мовы, аматарам 3D-мадэлявання.

„Самае важнае, чаго мы хочам дасягнуць, адкрываючы гэты цэнтр, гэта не паказаць, што адна краіна лепшая, альбо пахваліцца нечым, а для таго, каб пабудаваць масты паміж народамі, паміж краінамі, для таго, каб разбіць стэрэатыпы і дасягнуць лепшага ўзаемаразумення”, — заявіў на адкрыцці цэнтра часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Роберт Райлі. Паводле яго слоў, за час рэалізацыі праекта па адкрыцці ўсіх 11 цэнтраў, уключаючы Магілёў, Баранавічы, Барысаў, Берасце, Гомель, Гародня, Менск, Маладэчна, Пінск, Полацк і Віцебск, затрачана каля 1 млн долараў. На магілёўскі цэнтр пайшло каля 20 тыс. долараў.

„Самым важным тут з`яўляецца ўзаемадзеянне з супрацоўнікамі бібліятэк па ўсёй рэспубліцы і тое паразуменне, якога ўдалося дасягнуць у выніку гэтай працы”, — сказаў Райлі, адзначыўшы добрую гісторыю супрацоўніцтва з навукова-тэхнічнымі бібліятэкамі па ўсёй краіне. „Мы разам арганізуем семінары, іншыя мерапрыемствы, праграмы абмену, вельмі ўдзячныя за тую дапамогу, якую бібліятэкі аказваюць нам, і спадзяемся падняць гэты ўзровень супрацоўніцтва”, — сказаў прадстаўнік амерыканскай дыпмісіі.

Ганна Мядзведская распавяла, што партнёрства з інфармацыйным цэнтрам пасольства Злучаных Штатаў Амерыкі пачалося восенню мінулага года. За гэты час на базе навукова-тэхнічнай бібліятэкі праходзілі мерапрыемствы з удзельнікамі праграм міжнародных абменаў, якія дзяліліся вопытам захавання культурна-гістарычнай спадчыны. Таксама прайшлі адукацыйныя заняткі па розных тэматычных напрамках для школьнікаў. Паводле яе слоў, цэнтр будзе дзейнічаць увесь час, а яго праца будзе адпавядаць рэжыму работы бібліятэкі.

На адкрыцці цэнтра ў Магілёве прысутнічалі прадстаўнікі Магілёўскага аблвыканкама, Дзяржкамітэта па навуцы і тэхналогіях, выкладчыкі, студэнты.

belapan.by