Духоўная музыка загучыць у Гайнаўцы



Сёння ў гэтым падляшскім горадзе стартуе 37-мы Міжнародны фестываль Гайнаўскія дні царкоўнай музыкі”. Сярод традыцый гэтага мерапрыемства – удзел у конкурснай частцы парафіяльных хораў. Як кажа дырэктар фестывалю айцец Міхал Негерэвіч, царкоўная музыка захапляе шматлікіх людзей, незалежна ад іх веравызнання:

Перадусім царкоўная музыка, а лепш гаварыць царкоўны спеў, – гэта паняцце царквы, гэта малітва. Гэта самы высокі ўзровень малітвы. І сама музыка бывае часам вельмі простая, але яна ідзе ад сэрца, ад душы. І даходзіць да слухача, таксама да сэрца, да душы.

Міжнародны фестываль Гайнаўскія дні царкоўнай музыкі” стартуе сёння а 18-ай гадзіне ў саборы Святой Тройцы ў Гайнаўцы. З серады па пятніцу пройдуць конкурсныя праслухоўванні, уступ на якія вольны для ўсіх ахвотных. У суботу, 12 траўня, запланаванае агучванне лаўрэатаў і два гала-канцэрты: у Гайнаўцы і ў Беластоку. Каб трапіць на іх, трэба мець адмысловыя запрашэнні.

* * * 

Міжнародны фестываль “Гайнаўскія дні царкоўнай музыкі 2018” пройдзе ў Гайнаўцы з 7 па 12 траўня.

У панядзелак, 7 траўня, у Саборы св. Тройцы ў Гайнаўцы інаўгурацыйным канцэртам Акадэмічнага хору студэнтаў Харкаўскай дзяржаўнай акадэміі культуры пачнецца Міжнародны фестываль “Гайнаўскія дні царкоўнай музыкі 2018”.

“З серады 9 траўня па пятніцу 11 траўня пройдуць конкурсныя праслухоўванні,” – кажа дырэктар Фестывалю айцец Міхал Негерэвіч:  

– Тут будзе адбывацца праслухоўванне хораў, у гэтым годзе іх 29 з розных краін – з Латвіі, Беларусі, Расеі, Украіны, Румыніі, Кіпру, Казахстану. А ў субота ўжо традыцыйна аб’яўляюцца вынікі гэтага праслухоўвання і праходзяць два гала-канцэрты. Адзін – у саборы Святой Троіцы ў Гайнаўцы, і другі – у Беластоку ў царкве Св. Сафіі.

Інаўгурацыйны канцэрт пачнецца а 18-й гадзіне.  Усе конкурсныя праслухоўванні пачынаюцца з 16-й.  Цягам фестывалю пройдзе шмат паасобных канцэртаў у розных мясцовасцях Падляшша. Можна будзе таксама паглядзець тры выставы. Уваход на ўсе мерапрыемствы – бясплатны.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара