У Глыбокім завершыўся «Дударскі рэй»



Трохдзённы міжнародны фэст дударскіх рэгіёнаў “Дударскі рэй” скончыў сваю працу ў Глыбокім. Сёлета ён быў другі па ліку, на ім выступілі дудары з шасці еўрапейскіх краінаў. Адметнасць гэтага фэсту была ў тым, што да яго далучыўся аматарскі калектыў “Рэхта” з Лепеля. Ён прадставіў традыцыйныя беларускія танцы пад дуду. Таксама на фэст прыехалі госці з сонечнай Партугаліі.

Як кажа адзін з арганізатараў фэсту, яго натхняльнік і вядучы Віталь Воранаў, дударская музыка – элітная. «Мы жывём у час эстраднай, фанернай, папсовай музыкі. Таму людзей трэба прывучаць да слухання дуды, і гэта нялёгкі працэс».

Глыбачане масава падтрымліваюць і цікавяцца гэтай тэмай. І мяне гэта здзіўляе. Бо ні на адным фэсце, на які мы ездзім па Еўропе, няма масавай публікі. Заўсёды прыходзяць жыхары вёскі, для якіх гэта проста цікавая падзея, якая адбываецца раз у год, а не таму, што яны меламаны гэтага інструмента. Памалу будзем вучыць людзей слухаць жывую музыку. Мы робім пэўную працу, і, я думаю, з году ў год яна будзе мацнець.

Падчас фэсту адбылося некалькі канцэртаў у творчых установах горада і раёна, шэсце дудароў, гала-канцэрт на цэнтральнай плошчы Глыбокага. А таксама адкрыліся дзве выставы.

Скончыўся фэст выступамі дудароў у касцёлах вёсак Удзела і Мосар Глыбоцкага раёна.

[Not a valid template]

* * * 

Сёлета ў “Дударскім рэі” прымаюць удзел дудары з Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Латвіі, Партугаліі ды з рэгіёнаў Беларусі. Адкрыццё фэсту адбылося ў Алеі славутых  землякоў, потым ён перамясціўся на радзіму Ігната Буйніцкага ў Празарокі.

Першы дзень свята скончыўся канцэртам дудароў у санаторна-курортным комплексе “Пліса”.

Паводле аднаго з арганізатараў фэсту і яго вядучага Віталя Воранава, у гэтым годзе ў праграме пакінулі найлепшыя напрацоўкі з мінулага года і дадалі новыя.

– З новага – у нас неспадзяваныя госці з суседніх рэгіёнаў – з Лепельшчыны. Да таго ж у нас яшчэ дададуцца танцы. Будзем вучыць танчыць розныя традыцыйныя беларускія танцы. Асноўны ўхіл нашага фэсту і адрозненне ад іншых дударскіх фэстаў гэта тое, што мы займаемся выключна этнічнай музыкай. Гэта жывы беларускі фальклор і фальклор рэгіёнаў тых калектываў і музыкаў, якія прыязджаюць да нас.

У межах фэсту плануюцца выставы выцінанкі, славацкіх дудаў ХХІ стагоддзя. А таксама шэсце і гала-канцэрт дудароў. Падчас канцэрту кожны жадаючы зможа навучыцца старадаўнім беларускім танцам пад гукі лепельскай дуды.

У Беларусі самымі старажытнымі дудамі лічацца менавіта глыбоцкая і лепельская.

[Not a valid template]

Таццяна Смоткіна

Фота аўтаркі