Тэмпературныя рэкорды ў Беларусі фіксуюцца пяты дзень запар
Пяты дзень запар у Беларусі фіксуюцца тэмпературныя рэкорды, пры гэтым трэці дзень запар абнаўляюцца тэмпературныя максімумы дня за ўвесь перыяд метэаназіранняў на тэрыторыі краіны.
2 траўня ў Брагіне (Гомельская вобласць) паветра прагрэлася да 30,5 градуса вышэй за нуль. Ранейшы рэкорд складаў 28,9 градуса (2 траўня 1977 года ў Гародні). Новыя экстрэмумы зарэгістраваныя ў Гомелі — 30,4 (было 27,6 у 1977 годзе), Магілёве — 28,2 (таксама 27,6 у 1977 годзе), на ўсіх метэастанцыях у Гомельскай вобласці і на большасці — у Магілёўскай.
3 траўня ў Акцябры (Гомельская вобласць) слупок тэрмометра падняўся да адзнакі 31,2. Папярэдні экстрэмум перавышаны на 2,5 градуса (28,7 у Беразіне Менскай вобласці ў 1977 годзе). Пабіты рэкорды 41-гадовай даўніны ў Гомелі — 30,9 (27,5), Берасці — 29,8 (28), Магілёве — 27,7 (27,1), Гародні — 27,4 (26,9). Абнавіліся максімумы на ўсіх метэастанцыях у Берасцейскай, Гомельскай і Магілёўскай (за выключэннем Горак) абласцях, на некаторых — у Віцебскай, Гарадзенскай і Менскай.
4 траўня цяплей за ўсё было ў Магілёве — 31,2 градуса, як і напярэдадні ў Акцябры. Ранейшы рэкорд дня ў краіне — 28 градусаў (у Берасці ў 1977 годзе), у абласным цэнтры — 25,9 (у 1970-м). У сярэднім на 5 градусаў перавышаныя таксама рэкорды ў Менску — 30 (24,3 у 1966 годзе), Гомелі — 31,1 (26,6 у 1970-м) і Віцебску — 30,5 (25,3 у 1970-м) . Экстрэмумы абнавіліся на ўсіх метэастанцыях у Гомельскай, Менскай і Магілёўскай абласцях, на большасці — у Віцебскай і Берасцейскай. Без рэкордаў абышлося ў Гарадзенскай вобласці (за выключэннем Навагрудка), куды распаўсюдзілася больш халоднае паветра. Не так горача было на паўночным захадзе Віцебскай вобласці і на крайнім захадзе Берасцейскай, уключаючы абласны цэнтр.
30 красавіка былі зафіксаваныя новыя рэкорды ў Менску (25,3) і Гомелі (26,1), 1 траўня — у Менску (27,4), Віцебску (27,5) і Магілёве (27,5).
5 траўня выключна цёплае для гэтага часу надвор’е (да 28 градусаў вышэй за нуль) захаваецца толькі на паўднёвым усходзе.
belapan.by