У Курапатах адбылася чарговая талака
У Курапатах, мемарыяле ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў пад Менскам, адбылася чарговая талака. У ёй удзельнічалі актывісты Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ, а таксама Маладога Фронту.
Па словах Алеся Чахольскага, адказнага сакратара Кансерватыўна – Хрысціянскай партыі БНФ і кіраўніка грамадскай дырэкцыі народнага мемарыялу Курапаты, аб’ём працы вялікі і кожны з дзясяткаў чалавек выконвае пэўную задачу.
– Падрыхтаваныя ямы з боку Заслаўскай дарогі на працяг крыжовага перыметра. Хутка будзем рабіць крыжы і дастаўляць. Сябры Маладога Фронту працуюць з боку МКАДа, зачышчаюць металічныя крыжы, якія былі раней пастаўлены. Фарбуюць іх. Пасадзілі елку. Праца ідзе.
Малады Фронт узяў на сябе самую адказную задачу, – рэстаўрацыя крыжоў уздоўж кальцавой дарогі. Гэтым займаецца і лідар арганізацыі Зміцер Дашкевіч:
– Рэстаўруем жалезныя крыжы. Чысцім, шліфуем, фарбуем. Вось гэта першыя металёвыя крыжы, якія ставіліся пяць год таму. Яны ўжо самыя каразійныя, таму з іх пачынаем.
Гэта ўжо трэцяя талака ў 2018 годзе. І праца па ўпарадкавнні расстрэльнага ўрочышча будзе працягвацца. І таму што гэта стала маральнай традыцыяй, і таму што год юбілейны.
Праўда пра Курапаты стала вядомай амаль 30 год таму. У чэрвені 1988 года ў газеце „Літаратура і мастацтва” быў надруканавны артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва „Курапаты – дарога смерці”.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя