У Бярозаўцы хочуць усталяваць помнік заснавальніку шклозавода «Нёман»



Шклозаводу „Нёман” у Бярозаўцы, Лідскага раёна, сёлета спаўняецца 135 гадоў. Аднак у горадзе да гэтага часу няма помніка заснавальніку завода – Юліусу Столе, які адыграў найвялікшую ролю ў станаўленні і развіцці горада. Таму мясцовыя актывісты вырашылі ўзяць справу ў свае рукі і паставіць у горадзе помнік чалавеку, дзякуючы якому горад фактычна і паўстаў.

Як расказвае актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак, шкляная кампанія Юліуса Столе была вядомая ў свеце:

— Пад яго кіраўніцтвам завод стаў вядомы на ўвесь свет: і ў Еўропе, і, нават, у Амерыцы ды Канадзе. Архіўныя крыніцы сцвярджаюць, што быў падараваны персідскаму шаху крыштальны ложак, выраблены ў Бярозаўцы, да таго ж там была адмыслова створана крыштальная ваза для сэрца Пілсудскага.

На платформе talaka.org адбываецца збор сродкаў, ёсць і першы праект помніка ад ініцыятыўнай групы. Як кажа актывіст Сяргей Пантус, пакуль яшчэ рана казаць пра тое, дзе і кім будзе вырабляцца помнік:

Наша ініцыятыўная група пойдзе да канца. Помнік будзе ў тым ці іншым выглядзе. У нас вялікія спадзяванні і перспектывы на тое, што будзе менавіта, магчыма з невялікімі змяненнямі, той праект, якія зрабілі мы. Хто будзе вырабляць вырашыцца пазней. Будзем шукаць і глядзець ужо па выніку збору сродкаў.

Актывісты плануюць, што помнік Юліусу Столе ўсталююць у гарадскім парку Бярозаўкі блізу шклозавода “Нёман”. Тым больш, што ў самым парку месціцца музычная школа – гэта была сядзіба сына Юліуса Столе – Фелікса.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

 

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя