У Менску забаранілі акцыю “Несмяротны полк”



Акцыя “Несмяротны полк” не дазволеная ўладамі Менску. Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі ў агенцтве Sputnik паведаміў яе арганізатар, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Беларусі – Валеры Драко.

Акцыя запачаткаваная ў Расеі, яе ўдзельнікі выходзяць 9 траўня на вуліцы гарадоў з партрэтамі сваякоў, якія ваявалі ці працавалі ў тыле. Узначаліць калону беларускія арганізатары прапаноўвалі Аляксандру Лукашэнку, але адказу з Адміністрацыі не атрымалі. Арганізатары спадзяюцца правесці сваю акцыю і без дазволу ўладаў, прыйшоўшы на мітынг на плошчы Перамогі з партрэтамі сваякоў і кветкамі.

Акцыі плануюцца таксама ў Берасці і Віцебску. У Берасці акцыя дазволеная, а ў Віцебску яе ўдзельнікі возьмуць удзел у агульнагарадскім святкаванні Дня перамогі.

Фота sputnik.by