Хакейная ілюстрацыя



Хакейная зборная Беларусі бясслаўна выступае на чэмпіянаце свету, што праходзіць зараз у Даніі. Забягаючы наперад, можна смела прагназаваць, што ў лепшым разе Беларусь з цяжкасцю захавае месца ў мацнейшым дывізіёне (у яго, нагадаю, уваходзіць 16 лепшых дружын планеты). Але і верагоднасць, што давядзецца пакінуць “вышэйшы свет” на гэты раз надзвычай высокая.

З часу выхаду на міжнароднай арэне ў эліту, а было гэта, прыпомню для шаноўных чытачоў, у 1997 годзе (сам дэбют адбыўся ў 1998-ым), зборная Беларусі перажыла ўжо некалькі пакаленняў гульцоў, змяніла дзясятак галоўных трэнераў. Здараліся за гэты перыяд і лакальныя ўдачы, і нават сенсацыя, як на алімпіядзе ў Солт-Лэйк-сіці ў 2002 годзе, калі дружына Беларусі выйшла ў паўфінал і заняла выніковае 4-е месца. Але яшчэ ніколі Беларусь не мела настолькі слабой каманды, як зараз. Хоць не менш дваццаці гадоў хакей дэкляруецца ў нашай дзяржаве як спорт нумар адзін, на яго ідзе вялізны працэнт сродкаў у параўнанні з іншымі відамі. Нездарма і хакейную федэрацыю краіны ўзначальваюць па традыцыі надзвычай высокапастаўленыя начальнікі. На яе чале пабывалі і некаторыя міністры-сілавікі. Але паспяхова развіваць тэхнічна складаны від спорту – гэта не мітынгі дэманстрантаў разганяць да на апазіцыянераў паляваць. Тут патрэбная адладжаная і разумна прадуманая сістэма. Бо выступ на чэмпіянаце свету – гэта не ўдзел у пацешным Калядным турніры, які штогод з упартай паслядоўнасцю выйграе каманда дзяржаўнага “хакеіста нумар адзін”. Праўда, пару разоў давялося саступіць і там першынства “старэйшым братам” – відаць, надта ж патрэбныя ў тыя гады былі новыя крэдыты.

Сітуацыя з беларускім хакеем – гэта найлепшая ілюстрацыя таго, як ўсё развіваецца, дакладней дэградуе, у Рэспубліцы Беларусь. Шмат пустых дэклярацый, процьма непрадуманых рашэнняў, ідэалагічныя “напампоўванні”, чыноўніцкі валюнтарызм. Вось набудавалі гэтых вялізных лёдавых палацаў, а пасля выяўляецца, што яны зусім нерэнтабельныя, акупіць сябе не могуць. Дык і чаму развіваць нам менавіта хакей, дастаткова дарагі від спорту ў параўнальна беднай нашай дзяржаве?! Што ў нас такая магутная эканоміка як у Швецыі, Германіі ці Канадзе, ці нават моцная як у Чэхіі ці Славеніі? Ці такія прыродныя рэсурсы і “шалёныя” ад іх грошы, як у Расеі? Таму і дагналі і перагналі нас у тым жа хакеі такія краіны як Нарвегія, Данія, Славенія, таму і трэба забывацца, што яшчэ зусім нядаўна на “старым багажы” мы былі ў хакеі на роўні з Германіяй і Францыяй і нават часцей перамагалі іх.

У нашай, пакуль сціплай дзяржаве, куды выгодней было б развіваць такія віды як тэніс, баскетбол, валейбол, гандбол. Асабліва перспектыўнымі гэтыя віды спорту выглядалі ў жанчын, ды і зараз яшчэ яны неблагія. Браць прыклад з тых жа балканцаў – харватаў, славенцаў, альбо з ісляндцаў, выбудоўваць піраміду ад дзіцячых да дарослых камандаў. Вось малая па насельніцтве Ісляндыя зрабіла спярша стаўку на гандбол і вывела сваю мужчынскую дружыну ў эліту, а яна ажно сярэбраныя алімпійскія ўзнагароды заваявала. Потым астравіцяне сістэмна ўзяліся за футбол і ўжо зараз моцна выступаюць на моладзевым роўні, а нацыянальная зборная стала рэгулярна выходзіць на топ-турніры і не губляецца ў эліце.

У Беларусі ж усё бесталкова. Калі ў начальніка дзяржавы і Нацыянальнага Алімпійскага Камітэту – улюбёная цацка хакей, то і высілкі чыноўнікаў скіраваныя найперш на гэты від. Пры гэтым ніхто не падумаў, што хапіла б на Беларусь і 6-7 лёдавых арэнаў і адпаведна столькі ж хакейных клубаў – узрасла б і канкурэнцыя і ровень нацыянальнага чэмпіянату. А за кошт іншых палацаў можна было б пабудаваць соткі тэнісных кортаў, дваровых баскетбольных упарадкаваных пляцовак і таму падобнага. Таленты ж не перавяліся, проста іх трэба дагледзець і узгадаваць. Перад вачыма, яшчэ раз паўтаруся, выдатны прыклад тых жа пост-югаслаўскіх краінаў. Але ісці разумным і правераным шляхам ніхто ў нас не збіраецца. Паралельнае ж развіццё фізкультуры і масавага спорту – іншая, хоць і вельмі блізкая тэма. Пра гэта неяк пазней.

Уладзімір Хільмановіч  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ