135 гадоў з дня нараджэння Сцяпана Некрашэвіча
Беларускі мовазнавец і грамадскі дзеяч Сцяпан Некрашэвіч нарадзіўся 8 траўня 1883 года ў вёсцы Данілоўка (цяпер Светлагорскі раён Гомельскай вобласці), Паходзіў ён з шляхецкай сям’і Міхаіла Некрашэвіча, які займаўся сельскай гаспадаркай, і яго жонкі Евы. Сястра Ганна, па мужу Акановіч, у наступным была настаўніцай у амерыканскім Нью-Ёрку. Род Некрашэвічаў гербу “Любіч” вядомы з XVII стагоддзя і паходзіць са Слуцкага княства.
Пачатковую адукацыю Сцяпан Некрашэвіч атрымаў дома. У 1908 годзе скончыў настаўніцкую семінарыю ў Панявежы Ковенскай губерні. Як і многія прадстаўнікі тагачаснага беларускага руху, скончыў Віленскі настаўніцкі інстытут – у 1913 годзе. Працаваў у школе “Таварыства цвярозасці” ў Цельшынскім павеце Ковенскай губерні. З 1914 года ў час Першай сусветнай вайны — на Румынскім фронце. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917-га абраны ў армейскі камітэт 6-ай арміі. Уваходзіў у партыю Беларуская сацыялістычная грамада, затым — адзін з кіраўнікоў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў.
У лёсаносным 1918-ым годзе Некрашэвіч апынуўся ў Адэсе, быў там загадчыкам беларускай секцыі пра губернскім аддзеле народнай асветы. У выніку яе працы ў Адэсе на пачатку 1918 навучальнага года былі адчынены 30 пачатковых беларускіх школ і змешаная беларуская гімназія ў складзе першых чатырох класаў, у якой навучаліся дзеці ўцекачоў з прыфрантавых тэрыторый Беларусі.
Пасля абвяшчэння БНР у 1918 годзе Некрашэвіч стаў прадстаўніком яе ўрада на Поўдні Украіны і ў зносінах з французскім камандаваннем Антанты. Быў прыхільнікам фармавання беларускай арміі для барацьбы з бальшавікамі. Старшыня Беларускага нацыянальнага цэнтра, які быў створаны 13 студзеня 1919 года. Адначасна вучыўся ў Адэскім вышэйшым міжнародным інстытуце.
Пазней пераехаў у БССР, з 1920 года стаў загадчыкам літаратурна-выдавецкага аддзелу Наркамасветы, займаў шэраг іншых пасадаў. Удзельнічаў у арганізацыі Інстытута беларускай культуры, у 1922-25 гг. быў яго першым старшынём.
З пачатку 1925 да ліпеня 1926 года быў на падвышэнні мовазнаўчай кваліфікацыі ў Навукова-даследчым інстытуце мовы і літаратуры пры Ленінградскім універсітэце, працаваў пад кіраўніцтвам Яўхіма Карскага. Далей зноў працаваў у Мінску на розных пасадах. Важнейшымі працамі навукоўца ў галіне лексікаграфіі сталі “Беларуска-расійскі слоўнік” (1925), а таксама “Руска-беларускі слоўнік” (1928). Абодва слоўнікі былі ўкладзены разам з Міколам Байковым. Гэтыя слоўнікі карыстаюцца попытам і сёння.
21 ліпеня 1930 года арыштаваны Дзяржаўным палітычным упраўленнем БССР па справе “Саюза вызвалення Беларусі”. Пастановай калегіі Аб’яднанага ДПУ СССР прыгавораны да 5 гадоў высылкі ў г. Сарапул (Удмурція, Расія). У 1936 годзе тэрмін высылкі падоўжаны на 2 гады. Працаваў планавіком-эканамістам кааператыўна-прамысловай арцелі інвалідаў, затым бухгалтарам канторы “Нарыхтзерне”. Паўторна арыштаваны ў лістападзе 1937, прывезены ў Мінск, 19 снежня 1937 года прыгавораны да расстрэлу. Сцяпан Некрашэвіч па другім прысудзе быў рэабілітаваны ў 1957 годзе, а па першым – толькі ў 1988-ым.
Памяць пра таленавітага навукоўца ўшанавана ў роднай Данілоўцы – на месцы былога фальварка усталяваны памятны знак. А ў будынку ў Мінску, дзе некалі быў Інбелкульт, усталявана мемарыяльная шыльда з імёнамі выдатных асобаў, сярод якіх і прозвішча Некрашэвіча.
Беларускае Радыё Рацыя