Дык колькі каштуе БелАЭС?



Абмяркуем сёння модную тэму БелАЭС. Вось і Аляксандр Лукашэнка ў сваім штогадовым пасланні выказаўся ў тым плане, што не разумее як ​​электрастанцыя будзе ўпісаная ў эканоміку краіны. Але няхай эканомікай займаюцца эканамісты. А мяне, як падаткаплацельшчыка, цікавіць фінансавы бок пытання.

Гісторыя БелАЭС пачынаецца больш за 10 гадоў таму. Нагадаю сітуацыю 2006-2007 гадоў: эканоміка расце даволі хутка, аснову яе складае энергаёмістая прамысловасць, з-за рэзкага росту цэнаў на расейскія энерганосьбіты для Беларусі Менск і Масква счапіліся ў газавай вайне.

Беларускія ўлады былі ўпэўненыя ў сваёй здольнасці і далей забяспечваць хуткі рост эканомікі. Але перашкаджала праклятае энергетычнае пытанне. Трэба было сыходзіць ад нафта-газавай залежнасці і дыверсіфікаваць крыніцы энерганосьбітаў для Беларусі. Тады і ўзнікае дзве ідэі: вугальная электрастанцыя ў Зэльве і АЭС.

Першую хацелі будаваць за кошт заходніх крэдытаў пры ўдзеле палякаў, але не склаліся зоркі. Па палітычных матывах, еўрапейскія банкі адмовілі ў крэдытаванні. І ідэя вугальнай электрастанцыі з парадку дня знікае.

АЭС жа актыўна лабіруюць Міхаіл Мясніковіч і Уладзімір Сямашка. Ацэнка кошту будаўніцтва – каля 3 млрд дал. Праўда, незразумела гэта цана за што менавіта. Хутчэй за ўсё, што толькі генеравальныя магутнасці без спадарожнай інфраструктуры. На паперы ўсё выглядае прывабна: АЭС дазваляе паменшыць імпарт газу на 500-600 млн. долараў у год. Зразумела, ёсць выдаткі на імпарт ядзернага паліва, але яны значна меншыя. Праект можа акупіцца гадоў праз 10 з улікам пастаяннага росту кошту вуглевадародаў. Карацей, трэба будаваць.

Лукашэнка напачатку сумняваецца: кошт не маленькі. Але час ідзе, цана на нафту-газ прэ ўверх. Сябар Уладзімір паводзіць сябе зусім не па-сяброўску. Сямашка і Мясніковіч з Лукашэнкі «не злязаюць»: мала таго, што самі будзем у кілаватах купацца, дык яшчэ і экспартаваць электраэнергію зможам! Некаторы час сыходзіць на арганізацыйныя пытанні і ў 2010 годзе становіцца зразумелым, што БелАЭС – быць.

Дарэчы, не ўсе ва ўрадзе гэтую ідэю падтрымалі. Наколькі вядома, супраць быў тагачасны Прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі.

Але напачатку 2011 года становіцца вядомым, што кошт праекта ўзрастае да 6 млрд. дол. Зноў жа, незразумела што ўваходзіць у каштарыс. Нібыта Лукашэнка ўпёрся. Але заходнія санкцыі і фінансавы крызіс, які пачаўся, робяць расейскую падтрымку крытычна важнай, а кошты на энерганосьбіты працягваюць браць рэкорды. У выніку падпісваецца крэдытнае пагадненне па будаўніцтве АЭС і інфраструктуры (не ўсёй, як потым высветлілася) на 10 млрд дал. Што складае 90% ад агульнага кошту ўсяго праекта. Г.зн. ў цэлым АЭС плюс інфраструктура “выстрэльваюць” на больш чым 11 млрд долараў.

І вось тут узнікае пытанне: як так атрымалася, што за некалькі месяцаў 2011 года да кошту праекта БелАЭС прымалявалі яшчэ 5 млрд дал? Ці няма тут адкатна-карупцыйнай схемы на карысць высокапастаўленых расейскіх чыноўнікаў, якія ў 2011 годзе прымалі рашэнне аб палітычнай падтрымцы і фінансавым падсілкоўванні беларускага рэжыму?

І сапраўды, як АЭС будзе ўпісана ў новыя эканамічныя рэаліі Беларусі? Хутчэй за ўсё, вельмі слаба.

Я не здзіўлюся, калі пасля пачатку працы станцыі, КДБ, МУС і КДК атрымаюць загад “фас!”. І накапаюць фактаў неабгрунтаванага завышэння кошту будаўніцтва аб’ектаў расейскімі падрадчыкамі на 1-2 млрд. долараў. Толькі з Крамля назад дакладна нічога не аддадуць.

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ