У траўні пройдзе першы беларуска-японскі эканамічны форум



У першым беларуска-японскім эканамічным форуме, які пройдзе 9-11 траўня ў гарадах Токіа і Осака, прымуць удзел больш за 200 бізнесменаў. Аб гэтым расказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Японіі Руслан Есін.

„Чакаецца ўдзел больш як 200 бізнесменаў з дзвюх краін, у тым ліку з Беларусі амаль 30 чалавек”, – паведаміў Руслан Есін. Сярод беларускіх удзельнікаў форуму – прадстаўнікі прадпрыемстваў цяжкай і лёгкай прамысловасці, вытворцы фармацэўтычнай, мяса-малочнай і кандытарскай прадукцыі.

Паводле слоў дыпламата, частка з іх паспяхова супрацоўнічае з японскімі партнёрамі. „Асобныя прадпрыемствы робяць першыя захады ў Японіі, і яшчэ рана гаварыць аб заключэнні кантрактаў. Разам з тым нашы кампаніі разлічваюць на форуме знайсці новых партнёраў”, – адзначыў пасол.

belta.by