Сваякі расстраляных у Воршы звярнуліся ў выканкам



Больш за дзесятак лістоў накіравалі да старшыні Аршанскага райвыканкама Аляксандра Пазняка сваякі расстраляных у Воршы.  Яны просяць гарадскія ўлады вызначыць месца для памятнага знака ахвярам сталінскіх рэпрэсій.

Сваякі расстраляных на Кабыляцкай гары, красавік 2018 года

На думку нашчадкаў ахвяр камунізму, гэта можа быць цэнтр горада каля былой турмы, дзе ўтрымліваліся рэпрэсаваныя, на Кабыляцкай гары ці на Магілёўскай шашы, дзе адбываліся масавыя расстрэлы. Лісты накіраваныя з Воршы, Менску, Віцебску, Магілёва. Звароты высылалі таксама сваякі, якія пражываюць у Расеі, Італіі, Швецыі.

У асноўным людзі накіроўвалі індывідуальныя звароты. Але ёсць і групавыя лісты. Напрыклад, ад чатыры ўнучак расстралянага Сямёна Цеплякова, які жыў у вёсцы Свісцелка Аршанскага раён. Ён быў арыштаваны 19 верасня 1937 года і за антысавецкую агітацыю засуджаны „тройкай” да канфіскацыі маёмасці і вышэйшай меры пакарання – расстрэлу. У 1989 году Цеплякоў быў пасмяротна рэабілітаваны пракуратурай Віцебскай вобласці. Ўнучкі просяць ўсталяваць памятны знак на Магілёўскай шашы, на месца былой вёскі Поддубец. Паводле іх інфармацыі, дзядуля быў расстраляны менавіта там.

Зварот  накіравала і 95-ці гадовая Зінаіда Пашкевіч. Яе маці, аўтарцы арнаменту на сцягу БССР, у 2015 годзе ў Сянне быў усталяваны памятны знак, а бацька Аляксей Пашкевіч быў расстраляны  ў Воршы. Дакладнае месца пахавання не ўстаноўлена. „Хачу пры жыцці ушанаваць памяць свайго бацькі. Сцяг з арнаментам маёй маці Маркевіч Матроны Сяргееўны пабываў у космасе, а яе муж у быльнягу ляжыць.”, – напісала Зінаіда Аляксееўна.

Грамадскай ініцыятыве «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы» удалося ўсталяваць сувязь з 17 нашчадкамі расстраляных. Многія з іх ужо ўсталявалі на Кабыляцкай гары памятныя шыльды, крыжы і нават помнік з імёнамі сваіх продкаў і іх сваякоў.

Ініцыятыва  „Расстраляныя ў Воршы” узнікла ў 2017 годзе.  Цяпер яе ўдзельнікі  шукаюць нашчадкаў забітых, а таксама вядуць пошук звестак пра расстраляных.

https://www.facebook.com/groups/133839023975578/

Каб атрымаць падрабязную інфармацыю, звяртайцеся +375298656324, Ігар Станкевіч

Беларускае Радыё Рацыя