Грамадзянская паніхіда на месцы забытай магілы пад Гомелем



Пад Гомелем ушанавалі памяць ваеннапалонных і цывільных ахвяраў вайны, якія знайшлі апошні спачын у безыменнай магіле ля пасёлка Краснае.

Мясцовыя жыхары і прадстаўнікі Сафійскай абшчыны Прэабражэнскага брацтва Гомельскай епархіі правялі грамадзянскую паніхіду ля драўлянага крыжа, усталяванага неабыякавымі людзьмі ў пачатку 2017 года. Жыхар Краснага Сяргей Несцяровіч заўважае, што важнасць гэтай акцыі – у тым, што грамадзяне ўшаноўваюць ахвяраў з уласнай ініцыятывы.

“Дзве аграмадныя пошасці, якія зарадзіліся ў Нямеччыне ў 1930-х і ў нас у 1917-м годзе, сутыкнуліся паміж сабой у жорсткім змаганні. І адным, і іншым было пляваць на тое, што ў выніку гэтага змагання будуць пакладзеныя на алтар мільёны ахвяраў. Вельмі важна і каштоўна, што на гэтае месца людзі прыходзяць па поклічу свайго сэрца, гэта нізавая ініцыятыва”, – падкрэслівае Сяргей Несцяровіч.

Прадпрымальнік Васіль Баброўскі, высілкамі якога быў усталяваны крыж,  заўважае, што забываць праўду пра вайну нельга.

“Мы гаворым тут пра тое, што хтосьці, магчыма, не хоча чуць. Акрамя словаў пра Перамогу, вясёлкавых маршаў і дэманстрацыі тэхнікі, ёсць яшчэ іншы бок вайны. Чым франтавік, які загінуў у баі, пра якога ведаюць, чым ён адрозніваецца ад таго, хто ляжыць тут? Наша задача палягае на тым, каб аднавіць добрыя імёны тых людзей, якія аддалі жыцці за сваю Радзіму”, – падсумоўвае Васіль Баброўскі.

Сябры Сафійскай абшчыны Прэабражэнскага брацтва Гомельскай епархіі праспявалі малітву “Вечная памяць” на месцы масавага пахавання.

Масавае пахаванне ў былым супрацьтанкавым рове знайшоў жыхар Краснага Уладзімір Котаў разам з паплечнікамі. Лакалізаваць магілу, дзе могуць ляжаць целы тысячаў вязняў канцлагера Дулаг-121 і цывільных грамадзян, дапамаглі нямецкія аэрафотаздымкі часоў ІІ Сусветнай вайны. Гэтыя здымкі Уладзімір Котаў набыў на адным з амерыканскіх Інтэрнэт-аўкцыёнаў. У пачатку 2018 года выведка пошукавага батальёна №52 Міністэрства абароны Беларусі правяла пробныя раскопкі, якія пацвердзілі, што ва ўказаным месцы знаходзяцца парэшткі людзей.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель