ЕБРР чакае рост ВУП Беларусі на 3% у 2018 годзе
Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця чакае, што беларуская эканоміка у 2018 годзе вырасце на 3%. Ацэнкі банка прыводзяцца ў дакладзе аб эканамічных перспектывах краін, у якіх працуе ЕБРР.
Аўтары агляду нагадваюць, што ў мінулым годзе ВУП Беларусі вырас на 2,4%, а ў першым квартале 2018 года — на 5,1%.
На думку эканамістаў ЕБРР, беларуская эканоміка пасля двух гадоў рэцэсіі расце „галоўным чынам у выніку павелічэння знешняга попыту, аднаўлення спажывання хатніх гаспадарак і нізкай базы параўнання за папярэдні год”.
„Вырашэнне энергетычнай спрэчкі з Расеяй, паступленне траншаў крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, а таксама знешняе фінансаванне, прыцягнутае з міжнародных рынкаў капіталу, у сукупнасці прывяло да паляпшэння суверэнных рэйтынгаў Беларусі”, — адзначаюць аўтары даклада.
Эканамісты банка звяртаюць увагу, што інфляцыя ў Беларусі ў гадавым вымярэнні знізілася да 4,9%, а рэзервы за кошт новых запазычанняў дасягнулі 7 млрд долараў, „але яны па-ранейшаму адносна нізкія ў параўнанні са знешнімі абавязацельствамі”.
„Доўгатэрміновыя перспектывы па-ранейшаму залежаць ад маштабаў структурных рэформ. Мы прагназуем, што ў 2018—2019 гадах беларуская эканоміка будзе расці на 3% у год”, — гаворыцца ў дакладзе ЕБРР.
Падобныя ацэнкі раней агучыў Сусветны банк. Эканамічны агляд банка, які быў прэзентаваны ў красавіку, прадугледжвае, што рост ВУП Беларусі можа скласці 2,9% у 2018 годзе, 2,7% — у 2019-м і 2,5% у 2020 годзе.
„Перспектывы росту беларускай эканомікі застаюцца складанымі з-за патрэбаў у знешнім фінансаванні і нявырашаных унутраных структурных праблем”, — заявіла на красавіцкай прэзентацыі агляду эканаміст Сусветнага банка Марына Сідарэнка.
Яна звярнула ўвагу, што паляпшэнне ўнутранага і знешняга попыту будзе садзейнічаць аднаўленню эканомікі, аднак штогадовыя тэмпы эканамічнага росту „наўрад ці перавысяць 3% з прычыны абмежаванняў з боку вытворчага сектара”.
„Нізкія тэмпы росту прывядуць да павелічэння разрыву ў даходах на душу насельніцтва паміж Беларуссю і суседнімі краінамі”, — адзначыла Марына Сідарэнка. Згодна з прагнозам Сусветнага банка, эканомікі краін Балтыі і Польшчы будуць расці ў сярэднім вышэй за 3 працэнты ў год.