Новым амбасадарам Польшчы ў Беларусі стане Артур Міхальскі
Камітэт па замежных справах сейма Польшчы 9 траўня ўхваліў кандыдатуру Артура Міхальскага на пасаду амбасадара ў Беларусі. Цяпер кандыдатуру Міхальскага мае зацвердзіць прэзідэнт Польшчы.
фота: Міністэрства замежных спраў Польшчы
Раней Артур Міхальскі працаваў амбасадарам у Малдове, а ў апошнія гады быў дырэктарам Усходняга дэпартамента Міністэрства замежных спраў Польшчы, адзначае БелаПАН.
Ранейшы пасол Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік завяршыў сваю дыпламатычную місію 31 студзеня гэтага года.
Як паведамлялі некаторыя польскія і беларускія СМІ, неафіцыйнай прычынай адстаўкі Паўліка стала тое, што ён не змог наладзіць адносіны з прадстаўнікамі польскай дыяспары і кіраўніцтвам польскага тэлеканала «Белсат», які вяшчае на Беларусь.
Паводле інфармацыі кіраўніка прэс-службы МЗС Польшчы Артура Ломпарта, такое рашэнне было прынята па просьбе самога Паўліка і не мае палітычнага падтэксту.