Інфляцыя ў Беларусі за чатыры месяцы склала 2,8%



Спажывецкія цэны ў Беларусі ў красавіку 2018 года ў параўнанні з сакавіком выраслі на 0,3%, са снежнем 2017-га — на 2,8%, з красавіком 2017-га — на 5%, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт.

У красавіку 2018 года адносна сакавіка цэны на харчовыя тавары выраслі на 0,4% (з пачатку года — на 2,4%), на нехарчовыя — на 0,01% (на 1,9%), на паслугі — на 0,5% (на 4,8%).

Паводле вынікаў 2017 года зафіксаваная самая нізкая ў гісторыі суверэннай Беларусі інфляцыя — 4,6%. У 2016 годзе спажывецкія цэны выраслі на 10,6%.

Згодна з планамі ўрада, рост спажывецкіх цэн у 2018 годзе павінен скласці не больш як 6% (у першым квартале — 2,7%, за паўгоддзе — 4,1%, за тры кварталы — 4,3%). Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016—2020 гады прадугледжанае зніжэнне інфляцыі да 5%.

Рызыка перавышэння у 2018 годзе прагнозу па інфляцыі павінна быць мінімізаваная, заявіў 28 красавіка прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Савета міністраў, падчас якога абмеркаваныя вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў першым квартале.

„Інфляцыя ўтрымліваецца ў зададзеных параметрах (2,5% да снежня 2017 года пры прагнозе на першы квартал не больш як 2,7%). Разам з тым па шэрагу пазіцый, перш за ўсё па некаторых прадуктаў харчавання, рост цэн перавышае агульны ўзровень, на гэта звяртаў увагу ўрада кіраўнік дзяржавы на гэтым тыдні. Рызыка перавышэння прагнознага паказчыка па інфляцыі паводле вынікаў года павінна быць мінімізаваная”, — запатрабаваў Кабякоў.

„Калі неабходныя дадатковыя рашэнні па стрымліванні неабгрунтаванага росту цэн, уносьце адпаведныя прапановы”, — дадаў кіраўнік урада, звяртаючыся да міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

Эксперты ў каментары адзначалі, што прычынай нізкай інфляцыі з’яўляецца жорсткая грашова-крэдытная палітыка. Згодна з іх прагнозамі, у 2018 годзе, хутчэй за ўсё, інфляцыя будзе крыху паскарацца з-за дырэктыўнага павышэння зарплат, а таксама росту аб’ёмаў спажывецкага крэдытавання і магчымай дэвальвацыі беларускага рубля ўслед за расейскім.

belapan.by