Позневеснавыя святы і танцы ў дворыках Гародні
13 траўня гарадзенская “Цудоўня” прапануе далучыцца да знаёмства з позневеснавымі святамі. Гарадзенцы дазнаюцца, што і як вясной святкавалі беларусы, якія традыцыі захаваліся, якія традыцыі святкавання Юр’я на Гарадзеншчыне.
Пра будучую імпрэзу распавядае арганізатарка мерапрыемства Надзея Несцяровіч-Вішнеўская:
– Першая частка – гэта будзе лекцыя пра позневеснавыя святы народнага календара, з тлумачэннем: адкуль яны ўзяліся, якія яны былі, як іх святкавалі, як іх святкуюць зараз, якія традыцыі яшчэ жывыя і чым гэта нам актуальна і цікава. А другая частка імпрэзы – гэта першыя ў сезоне танцы на вольным паветры “Танцы гарадзенскіх дворыках”.
„Танцы гарадзенскіх дворыкаў” 13 траўня згадаюць, што гарадзенскія аматары танцаў развучвалі ў мінулым годзе, – кажа Надзея Несцяровіч-Вішнеўская:
– Узгадаем, што танчылі ў мінулым сезоне, канешне, маю на ўвазе народныя танцы. Можа быць развучым нешта новае. І ў любым выпадку адтаем пасля зімы.
„Танцы гарадзенскіх дворыкаў” сталі традыцыяй у гарадзенцаў і ладзяцца ўжо некалькі год ў розных месцах Гародні. Прыходзяць, каб патанчынчыць, гарадзенцы рознага ўзросту, а таксама да танцаў далучаюцца турысты, што прыяджаюць у горад над Нёманам.
Беларускае Радыё Рацыя