Аляксандр Бухвостаў: Трэба адмяняць кантрактную сістэму



Прафсаюзны актывіст Аляксандр Бухвостаў распавёў, чаму афіцыйныя прафсаюзы ніколі не будуць дамагацца адмены кантрактнай сістэмы.

Як паведаміў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Арда, іх арганізацыя ўдзельнічае ў дапрацоўцы Кодэкса аб працы, які павінен абараняць добрасумленных работнікаў.

Са слоў кіраўніка афіцыйных прафсаюзаў, “калі чалавек працуе і да яго няма ніякіх заўваг і пытанняў, то кантракт з ім павінен быць працягнуты на максімальны тэрмін”.

Аляксандр Бухвостаў: Афіцыйныя прафсаюза даўно пра гэта кажуць і робяць нейкія спробы ўнесці карэктывы ў палажэнне аб кантрактнай сістэме праз Генеральнае пагадненне ці калектыўныя дамовы. Але, на мой погляд, усё гэта – дэмагогія, таму што лёс работніка па-ранейшаму застаецца ў руках адміністрацыі ўстановы, дзе ён працуе. Усё залежыць ад начальства. 

РР: Пазіцыя незалежных прафсаюзаў – поўнасцю адмяніць кантрактную сістэму?

Аляксандр Бухвостаў: Безумоўна. Мы лічым, што працоўныя кантракты павінны залежыць ад волі двух бакоў, а не аднаго. Павінны быць партнёрскія стасункі. Каб працоўны меў такую ж свабоду абіраць працоўныя адносіны, як і наймальнік. А тое, што Федэрацыя прафсаюзаў выступае з ініцыятывай зменаў у кантрактнай сістэме, то яны прапануюць толькі тое, што ім дазваляе ўлада. Бо хто такі працаўнік, да якога “няма заўваг і пытанняў”? Той, хто маўчыць і ніколі не выказвае прэтэнзіі да адміністрацыі прадпрыемства альбо да ўлады. Нават, калі гэтыя прэтэнзіі справядлівыя.

Таму афіцыйныя прафсаюзы ніколі не будуць выступаць за поўную адмену кантрактнай сістэмы. Выступаць з такімі прапановамі – гэта ісці супраць ўлады, з якой свае ініцыятывы федэрацыя якраз і узгадняе. Усё гэта – тэатральная пастаноўка, не больш за тое.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя