У Гародні будуць судзіць Паўла Мажэйку



Незалежны журналіст, вядоўца тэлеканана Белсат, атрымаў копію пратаколу, які на яго склалі супрацоўнікі Ленінскага РАУС Гародні. Міліцыянты абвінавачваюць журналіста ў тым, што 25 сакавіка 2018 года, знаходзячыся ў Каложскім парку Гародні, падчас правядзення масавага мерапрыемства, прысвечанага 100-годдзю БНР, не маючы акрэдытацыі журналіста замежнага сродка масавай інфармацыі, ён браў інтэрвію ў прамым этэры на сайце польскага тэлеканалу “Белсат”, у прысутнага на мерапрыемстве Саранчукова В.В. і змясціў на сайце польскага спадарожнікавага тэлебачання Белсат з мэтай далейшага распаўсюджання, чым парушыў патрабаванні нормаў арт. 22.9 КаП РБ”.

Павал Мажэйка з пратаколам не згодны і лічыць гэтую паперу чарговай «дэманстрацыяй»:

—  Сутнасць прэтэнзій, якія былі прад’яўлены мне міліцыянтамі, мне насамрэч незразумелыя. А калі яны мне незразумелыя, дык я лічу, што гэтыя дзеянні, гэты пратакол, гэты судовы працэс, што будзе, — гэта хутчэй за ўсё дэманстрацыя. Дэманстрацыя таго, што: шаноўныя незалежныя журналісты і гарадзенцы актывісты розных арганізацый, калі ўлады вам дазволілі гэтае мерапрыемства, гэта значыць, што яны дазволілі толькі таму, што гэта было ўладзе патрэбна, і толькі ў той форме.

 Гарадзенскі праваабаронца Уладзімір Хільмановіч лічыць, што журналіста Мажэйку будуць караць таксама і за яго актыўную грамадскую пазіцыю:

— Цягам года на журналістаў у Гародні не складаліся пратаколы за працу на замежныя сродкі масавай інфармацыі, за працу без акрэдытацыі. Іншыя рэгіёны вырваліся наперад, хоць, калі прыгадаць гісторыю, дык менавіта з Гародні ўсё пачыналася. За апошні час такіх спраў было ў Гародні мала і, відаць, нехта палічыў, што трэба выправіць статыстыку. На Мажэйку быў складзены аналагічны пратакол і ён засуджаны да штрафу года таму, за такі ж стрым з 25 сакавіка. І зараз нехта палічыў, што трэба працягваць пераслед гэтага вядомага журналіста, грамадскага актывіста. Магчыма да гэтага спрычынілася і тое, што Павал Мажэйка мае яшчэ і актыўную грамадскую пазіцыю.  

Судовы працэс над журналістам  Паўлам Мажэйкам пачнецца 14 траўня а 14-й гадзіне ў судзе Ленінскага раёна Гародні.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя