Згадаем беларускія выданні пра Тадэвуша Касцюшку



12 траўня ва ўрочышчы Мерачоўшчына на ўскраіне Косава Івацэвіцкага раёна адбудзецца ўрачыстае адкрыццё першага помніка Тадэвушу Касцюшку ў Беларусі. Гэта вялікая падзея для Беларусі. Таму што ён і наш нацыянальны герой, выдатны палітычны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, кіраўнік нацыянальна-вызвольнага паўстання 1794 года.

Толькі цяпер у Беларусі з’явіцца першы помнік Тадэвушу Касцюшку. На вялікі жаль, беларусы за апошнія два стагоддзі не так і шмат напісалі і выдалі кніг пра свайго суайчынніка. Асобныя артыкулы, праўда, з’яўляліся ў газетах і часопісах, энцыклапедыях, выданнях і калектыўных зборніках. А першая асобная кніга пра Касцюшку была надрукавана ў 1990 годзе . Кніга называлася “За вольнасць нашу і вашу”. Аўтар яе – Язэп Юхо.

У 1994 годзе гісторык Уладзімір Емяльянчык выдаў цудоўную кнігу “Паланез для касінераў”. У кнізе ўпершыню аўтар разгледзеў маладаследаваныя старонкі гісторыі Беларусі канца XVIII стагоддзя, звязаныя з паўстаннем 1794 года. У ёй добра паказана роля Касцюшкі ў кіраўніцтве паўстаннем і вайсковымі фарміраваннямі.

У 1994 годзе Уладзімір Емяльянчык і Язэп Юхо выдаюць яшчэ адну кнігу пра Тадэвуша Касцюшку “Нарадзіўся я ліцвінам…”.

Некалькі кніг пра Касцюшку і мясціны звязаныя з ім напісаў і выдаў краязнавец з Жабінкі Анатоль Бензярук. Гэта кнігі “Касцюшкі-Сяхновіцкія: Гісторыя старадаўняга роду” і “Крупчыцы. 1794 год: Падзеі і памяць роднай гісторыі”.

Анатоль Трафімчык у 2017 годзе выдаў добрае даследаванне “Наш Касцюшка слаўны!”. Гэта першае комплекснае даследаванне мастацкага вобраза ў беларускай літаратурнай традыцыі лідэра вызвольнага паўстання 1794 года ў Рэчы Паспалітай. Увагай даследчыка ахоплены і ўвесь вядомы корпус беларускіх літаратурна-мастацкіх тэкстаў, прысвечаных Касцюшку…

Вось бадай і ўсё, хаця Тадэвуш Касцюшка сёння заслугоўвае вялікіх манаграфій і асобную энцыклапедыю.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя