У Баранавічах улады адмаўляюцца адкрыць беларускі клас



Адкрываць беларускі клас у лепшай гімназіі №4 у цэнтры Баранавіч кіраўнікі горада адмаўляюцца. Бацькі беларускамоўнага класа сустрэліся з кіраўніком гарадскога выканаўчага камітэта Юрыем Грамакоўскім, загадчыкам аддзела адукацыі Сяргеем Пузікавым і дырэктарам гімназіі №4 Вадзімам Шчарбаковым, якія ў адзін голас заявілі, што нешматлікаму беларускамоўнаму класу няма месца ў гімназіі. Хаця пра загружанасць гімназіі стане вядома толькі 12 чэрвеня – падчас рэгістрацыі заяў бацькоў першакласнікаў, гаворыць маці будучай першакласніцы Таццяна Малашчанка:

– Я думаю, што прычына адна: у нас ва ўладзе, у кіраўніцтве яшчэ дастаткова былых камуністаў ці прыхільнікаў гэтых ідэй, якія не прызвычаіліся яшчэ да таго, што яны выканаўчая ўлада. Выканаўчая ўлада павінна выконваць волю народа і закон. А ў нас атрымліваецца наадварот.

Паводле Таццяны Малашчанкі, іх дзеці жывуць побач з гімназіяй №4. Чаму ўжо другі год чыноўнікі робяць спробу “запхнуць” іх дзяцей у школы на ўскрайку, далёка ад дома? Хоць старшыня гарвыканкама Грамакоўскі ў мінулым годзе паабяцаў вырашыць пытанне з гімназіяй.

Бацькі беларускамоўнага класа адступаць ад свайго намеру вучыць дзяцей у раёне пражывання, то бок у цэнтры горада, не збіраюцца.

Беларускае Радыё Рацыя, Баранавічы