Лукашэнка возьме ўдзел у працы форума «Менскага дыялогу»
Міжнародны форум экспертнай супольнасці «Менскі дыялог» пройдзе 23-25 траўня ў беларускай сталіцы, паведаміў на прэс-канферэнцыі адзін з каардынатараў мерапрыемства Яўген Прэйгерман.
Ён нагадаў, што за тры гады ініцыятару форуму – «Ліберальнаму клубу» – удалося правесці 11 сустрэч, у якіх бралі ўдзел і кіраўнікі беларускага МЗС. Гэты ж форум стане самым прадстаўнічым – больш за 350 удзельнікаў з Беларусі, Еўразвязу і Расеі, у працы адной з секцый запланаваны выступ беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі. Тэма форуму – рэгіянальная бяспека ва Усходняй Еўропе з улікам канфлікту Захаду і Расеі.
– Сёння на мапе міжнародных падзей няма, на жаль, тых пляцовак, на якіх сапраўды адбываецца дыскусія. Большасць нават вядомых міжнародных пляцовак пераўтвараюцца ў частку інфармацыйна-прапагандысцкай вайны, якая паміж Захадам і Усходам развіваецца ўсё з большай сілай. І гэта, на наш погляд, вялікая праблема. Асабліва для такой краіны, як Беларусь, якая па сваіх сістэмных характарыстыках з’яўляецца невялікай дзяржавай, а значыць моцна залежыць ад таго, што адбываецца ў міжнародных адносінах, асабліва ў адносінах паміж вялікімі дзяржавамі.
На форуме таксама выступяць міністр замежных спраў Уладзімір Макей, былы прэзідэнт Польшчы Аляксандр Квасьнеўскі, Генеральны сакратар Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе Томас Грэмінгер.
Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота Thinktanks.by