Паўла Мажэйку пакаралі штрафам у 427 долараў (абноўлена)
Суддзя суда Ленінскага раёна Гародні Дзмітрый Бубенчык пакараў журналіста і вядоўцу Белсату Паўла Мажэйку штрафам у памеры 35 базавых велічынь.
Сведчыў супраць журналіста на судзе намеснік начальніка аддзелу аховы i правапарадку Аляксей Вайцешка, які і ў мінуліым годзе заводзіў справу супраць журналіста.
Пра сваё пакаранне распавядае Павал Мажэйка:
— Па палітычных справах у нас суды і міліцыя працуюць гладка. У добрай спайцы. Адны рыхтуюць кіпу дакументаў, я бачыў у іх там дадзеныя свайго дзеда, які памёр у восемдзесят пятым годзе, ці мой выезд за мяжу ў дванаццатым годзе, што не мае дачынення да справы 25 сакавіка 2018 года. То бок, адны робяць справу, паказваюць кіпучую работу, а іншыя — выносяць пакаранні і ніякія довады, ніякія твае тлумачэнні ў нас па палітычных справах абсалютна нікім не прымаюцца і ні на што не ўплываюць. Пытанне, колькі табе дасць суддзя: 20, 30 ці 50 мінімалак, залежыць выключна ад настрою або ад тэлефанавання зверху.
Публіцыст і праваабаронца Віктар Сазонаў лічыць справу Паўла Мажэйкі надуманай:
— Пасля аднаго з самых вялікіх святаў для беларусаў, 100-годдзя БНР, якое было дазволена, выйшла мноства рэпартажаў. Чамусьці вылавілі менавіта Паўла Мажэйку і вырашылі яго такім чынам пакараць. Ніхто не змог адказаць на ягоныя пытанні, чаму менавіта за ім палявалі. Мы бачым, што прайшло амаль 2 месяцы, ужо заканчваецца тэрмін, калі можна складаць пратаколы па адміністрацыйных справах. Чаму так доўга цягнулі, з кім раіліся, па якой прычыне вырашылі і за што насамрэч вырашылі пакараць? Гэта застаецца поўнай загадкай.
За апошнія пяць год па артыкуле 22.9 на Гарадзеншчыне было каля дзьвух дзесяткаў судоў і сярод пакараных былі журналісты “Беларускага Радыё Рацыя” і тэлеканала “БЕЛСАТ” Алесь Кіркевіч і Алесь Дзянісаў, Андрэй Мялешка і Вольга Чайчыц.
Беларускае Радыё Рацыя