У Беларусі вырасла колькасць шматдзетных сем’яў



За дзевяць гадоў у Беларусі вырасла колькасць шматдзетных сем’яў, паведаміў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў 14 мая на прэс-канферэнцыі ў Менску, прысвечанай Дню сям’і (15 мая).

Паводле яго слоў, калі ў 2010 годзе „доля дзяцей, народжаных трэцімі і наступнымі”, у агульным ліку нараджэнняў складала 11,6%, то ў 2017 годзе яна вырасла да 20%. На 1 студзеня 2018 года на ўліку ў тэрытарыяльных цэнтрах сацабслугоўвання насельніцтва было больш за 97 тыс. шматдзетных сем’яў.

На думку Кавалькова, такі вынік дае прызначэнне з 2015 года сямейнага капіталу. На 1 мая гэтага года ў аддзяленнях „Беларусбанка” ўжо адкрыта 52,5 тыс. дэпазітных рахункаў на 524 млн долараў.

Сёння ў краіне больш як 545 тыс. дзяцей атрымліваюць дапамогі, траціна ўсіх дзяцей да 18 гадоў. Пры гэтым дапамогі да трох гадоў атрымліваюць 93% дзяцей (больш за 330 тыс.). Летась 28 тыс. дзяцей да двух гадоў атрымлівалі бясплатнае харчаванне.

З ліпеня 2017 года, паведамілі ў міністэрстве, уведзены даплаты маці, якім дапамога па цяжарнасці і родах была прызначаная ў мінімальным памеры. Бацькі дзяцей-інвалідаў атрымалі магчымасць падпрацоўкі без страты дапамогі. У сем’ях, дзе выхоўваюцца дзеці з найбольш цяжкай формай інваліднасці (III, IV ступені), павялічаны аб’ём дзяржпадтрымкі ад 100 да 120% бюджэтаў пражытачнага мінімуму (БПМ).

Таксама, паводле слоў чыноўніка, прадугледжаныя выплаты сем’ям, дзе нараджаецца двое і больш дзяцей адначасова. Выдзяляюцца сродкі на набыццё дзіцячых рэчаў першай неабходнасці ў памеры двух БПМ на кожнага дзіця. Аднаразовую матэрыяльную дапамогу да пачатку навучальнага года ў 2017 годзе атрымалі 143 тыс. шматдзетных сем’яў на 275 тыс. дзяцей.

Кавалькоў адзначыў, што сёння ў краіне 29 тыс. сем’яў выхоўваюць дзяцей-інвалідаў і амаль 6 тыс. сем’яў з адным з бацькоў. „Гэтыя катэгорыі сем’яў, як і шматдзетныя, маюць патрэбу ў асаблівай падтрымцы дзяржавы, — адзначыў Кавалькоў. — Таму для дапамогі такім сем’ям у краіне развіваецца паслуга па кароткачасовым доглядзе дзяцей — нянька. У 2017 годзе паслугамі нянькі скарысталіся 2.235 сем’яў, у тым ліку амаль 200, дзе выхоўваюцца інваліды. Таксама летась паслугай нянькі скарысталіся амаль 2 тыс. сем’яў, дзе нарадзіліся двайняты, і 56 сем’яў з трайнятамі і большай колькасцю адначасова народжаных дзяцей.  БелаПАН