Беларусь у першым квартале нарасціла імпарт нафты
У першым квартале Беларусь імпартавала 4,53 млн тон нафты, што на 11,6% больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, сведчаць афіцыйныя статдадзеныя.
У вартасным выражэнні (у сувязі з павелічэннем сярэдняй цаны) імпарт нафты вырас на 36,5% амаль да 1,6 млрд долараў.
Увесь аб’ём нафты, як сведчаць афіцыйныя статдадзеныя, Беларусь у студзені—сакавіку закупіла ў Расіі.
Намеснік старшыні канцэрна „Белнафтахім” Уладзімір Сізоў паведаміў у красавіку журналістам, што сёлета беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы плануюць перапрацаваць 18 млн тон нафты. Пры гэтым ён удакладніў, што перспектывы дыверсіфікацыі паставак нафты абмяркоўваюцца.
„У гэтым выпадку мы зыходзім у першую чаргу з эканамічнай мэтазгоднасці паставак. Цяпер мы перапрацоўваем расійскую нафту”, — адзначыў Сізоў.
Раней БелаПАН стала вядома, што ў гэтым годзе беларускія НПЗ маюць намер перапрацоўваць не толькі расійскую, але і альтэрнатыўную ёй нафту.
Паводле слоў прадстаўніка нафтаперапрацоўчай галіны, які пажадаў застацца неназваным, „усё ў гэтым пытанні залежыць ад цаны, якую прапануюць пастаўшчыкі альтэрнатыўнай нафты, ад кошту паслуг партоў і ад лагістычных выдаткаў”.
Пры гэтым ён удакладніў, што леташні вопыт сведчыць аб наяўнасці тэхналагічнай магчымасці беларускіх НПЗ перапрацоўваць не толькі расійскую нафту.
„Вынікі перапрацоўкі нафты з альтэрнатыўных крыніц у 2017 годзе паказалі, што займацца гэтым можна. З перапрацоўкай такой нафты ў мінулым годзе не ўзнікла ніякіх пытанняў. Улічваючы, што закупляць такую нафту прыходзілася па сусветнай цане, прыйшлося адшукваць рэзервы для яе набыцця”, — растлумачыў прадстаўнік нафтаперапрацоўчай галіны.
Паводле афіцыйных статыстычных дадзеных, Беларусь у 2017 годзе імпартавала 18,13 млн тон нафты, у тым ліку 18,07 млн тон расійскай нафты і яшчэ 64,4 тыс. тон альтэрнатыўнай (не расійскай) нафты.
Нагадаем, схемы па дыверсіфікацыі паставак нафты беларускія ўлады адпрацоўваюць з мэтай зніжэння сыравіннай (энергетычнай) залежнасці ад адной крыніцы.