Ігар Случак напісаў скаргу на краму Adidas
Юрыст Ігар Случак напісаў у Менгарвыканкам скаргу на краму Adidas у гандлёвым цэнтры „Замак”. Ён патрабуе прыцягнуць да адказнасці прадстаўніка крамы, які адмовіўся браць на працу кандыдата з-за таго, што той карыстаецца беларускай мовай.
Як адзначае Случак, такія дзеянні працадаўцы парушаюць артыкул 9.22 „Парушэнне заканадаўства аб мовах” Адміністрацыйнага кодэкса, ствараючы „перашкоду і абмежаванне ў карыстанні дзяржаўнай мовай”. З гэтай нагоды ён просіць прыцягнуць прадстаўніка крамы да адміністрацыйнай адказнасці.