У Баранавічах зладзяць пікет супраць ціску на незалежныя прафсаюзы



Баранавіцкія сябры прафсаюза радыёэлектроннай памысловасці падалі заяўку ў гарадскі выканаўчы камітэт на правядзенне пікету на дазволеным уладамі месцы ў Старым парку. Пікет запланаваны на 30 траўня з 13 да 14 гадзін. Мэта пікету: выказаць салідарнасць з абвінавачанымі па крымінальнай справе кіраўнікамі прафсаюза і пратэст супраць ціску на іх прафсаюз, кажа кіраўнік Баранавіцкай суполкі прафсаюза Рыгор Грык:

– Яны да гэтай пары не парушалі ніякага закону, а зараз у 2011 годзе знайшлі нейкія парушэнні. Чаму тады не затрымалі? Пераследуецца  прафсаюз за тое, што актыўна ўдзельнічаў падчас акцый супраць „дэкрэту аб дармаедах”. Выцясняецца ўсё, што дапамагае людзям, таму што прафсаюз аказвае шмат дапамогі простым людзям.

Паводле Рыгора Грыка, аналагічныя заяўкі пададзены па ўсёй краіне.

Нагадаем, што лідару прафсаюзу РЭП Генадзю Фядынічу і бухгалтару прафсаюза Ігару Комліку выстаўлена абвінавачанне — «Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры». Ім пагражае пакаранне ад 3 да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Беларускае Радыё Рацыя