Жыхар Гомеля параніў нажом трох міліцыянераў



У Гомелі мясцовы жыхар, які знаходзіўся ў вышуку, параніў трох міліцыянераў.

Як паведамляе афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкама Віталь Прыстромаў, 15 траўня аператыўнікі знайшлі гэтага грамадзяніна і ў 23.40 у Гомелі, у тралейбусе № 20, які стаяў на прыпынку грамадскага транспарту „Універмаг” Гомель”, распачалі дзеянні па яго затрыманні. Зламыснік аказаў супраціўленне і нанёс праваахоўнікам нажавыя раненні рознай ступені цяжару.

Супрацоўнікаў аператыўна даставілі ў бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі, дзе былі праведзеныя аперацыі. Цяпер яны шпіталізаваныя. Іх стан ацэньваецца як стабільны.

Падчас правядзення далейшых вышуковых мерапрыемстваў нападнік быў абясшкоджаны і затрыманы.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, мужчына збег ад міліцыі ў парк, пераплыў Сож, спрабаваў схавацца, але беспаспяхова.

4 красавіка 2017 года ён быў асуджаны судом Чыгуначнага раёна Гомеля па ч. 1 арт. 339 КК (хуліганства) і па ч. 1 арт. 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў) на тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

belapan.by

Фота progomel.by