П’яны паляк на Opel прарваўся праз польска-беларускую мяжу
Паляк за рулём Opel Zafira пратараніў браму на мяжы і на вялікай хуткасці паехаў далей у Беларусь. Яго затрымалі беларускія пагранічнікі каля 10 км ад мяжы, расказала Катажына Здановіч з прэс-службы Падляшскага аддзялення Польскай памежнай службы.
Здарэнне адбылося 15 траўня. 19.00 у ваколіцы мястэчка Ялоўка камеры польскіх памежнікаў зафіксавалі аўто, якое пратараніла закрытую браму на выездзе з Польшчы. Гэта ўчастак мяжы непадалёку ад Белавежскай пушчы, дарога, перасечаная мяжой, далей ідзе ў кірунку райцэнтра Свіслач.
Паводле інфармацыі беларускіх памежнікаў, у мужчыны не было пры сабе ніякіх дакументаў, ён быў п’яны.
У той жа дзень на берасцейскім участку палякі заўважылі сляды нелегальнага пераходу мяжы. Беларускія калегі па іх інфармацыі затрымалі грамядзяніна Германіі, які, як аказалася, падарожнічаў па ваколіцы на ровары і выпадкова стаў нелегалам.
Абодва затрыманыя мужчыны будуць перададзеныя польскаму боку.