Ці патрэбен Беларусі Марадона?



Чэмпіён СССР 1982 у складзе футбольнага менскага “Дынама” Валерый Мельнікаў распавёў, чаму да прыезда ў Беларусь легендарнага аргенцінскага футбаліста не варта ставіцца сур’ёзна.

Нагадаем, што Дыега Марадона стаў старшынём праўлення берасцейскага „Дынама”.

Паведамляецца, што кантракт падпісаны на тры гады. Марадона “будзе займацца пытаннямі стратэгічнага развіцця клуба, а таксама ўзаемадзейнічаць з усімі яго структурнымі падраздзяленнямі, у тым ліку дзіцячай акадэміяй берасцейскага „Дынама”. Ён прыступае да сваіх паўнамоцтваў у ліпені, пасля заканчэння чэмпіянату свету ў Расеі.

Валерый Мельнікаў: Пакуль з прыездам Марадоны больш шуму, чым справы. Усе айкаюць, ойкаюць, а ніхто толкам нават і не ведае, чым ён рэальна будзе займацца. Нейкія агульныя фразы кшталту “стратэгічнага развіцця клуба” я ў залік не прымаю. Так, піяр-акцыя ўдалася, але не больш за тое. Марадона, безумоўна, добры хлопец, але што, ён выведзе брэсцкае “Дынама” хаця б у Лігу чэмпіёнаў? Дасягне нейкіх вышынь у еўракубках? Тым больш, як мне падаецца, ён і не збіраецца трэніраваць каманду. А тое, што легенда футбола паходзіць па полі брэсцкага стадыёна, ад гэтага самому брэсцкаму футболу бонусаў не дадась.

РР: Але кажуць, што гэта дадасць заўзятараў на трыбунах, будзе папулярызіраваць беларускі футбол.

Валерый Мельнікаў: На першай хвалі таго рэзанансу, які пайшоў у СМІ, натуральна, падвысіцца цікавасць заўзятараў да матчаў з удзелам брэсцкай каманды, але з часам, калі выніку не будзе, усё вернецца на старое кола. Гэта, як адзін раз паглядзеў новае прадстаўленне ў цырку, і другі раз ісці туды ўжо не хочацца. Марадона – легенда, але не той конь, які пацягне беларускі футбольны воз. Думаю, для яго тут на першым месцы грошы, а для клуба – уся гэтая шуміха вакол персоны аргенцінца. Не факт, што ён нават адпрацуе свой трохгадовы кантракт.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя