За студзень-красавік цэны на новабудоўлі ў Менску выраслі ў сярэднім на 6%
За студзень-красавік 2018 года цэны на сталічныя новабудоўлі выраслі ў сярэднім на 6%, паведаміла БелаПАН кіраўнік кампаніі „Твая сталіца — Навастройцэнтр” Наталля Жалава.
Пры гэтым, заўважыла яна, у параўнанні з красавіком мінулага года цэны выраслі на 8%. „Але сказаць, што ўсе новабудоўлі падаражэлі аднолькава, нельга. Напрыклад, па класе „Прэстыж” (самым якасным з прадстаўленых цяпер на рынку) сярэдні ўзровень цэн паказвае невялікую адмоўную дынаміку. У той жа час па першым класе якасці — „Эканам” — кошты выраслі ў гэтым годзе на 9%, а за апошнія 12 месяцаў — на 13%”, — адзначыла эксперт.
Паводле інфармацыі агенцтва, цэны ў класе „Эканам” падняліся з 1.005 долара за квадратны метр у снежні 2017 года да 1.095 — у красавіку 2018-га, класа „Стандарт” — з 1.180 да 1.210 адпаведна, класа „Камфорт” — з 1.400 да 1.620. У класе „Прэстыж” цэны знізіліся з 1.660 да 1.625 долараў за квадратны метр.
„Вось ужо год, як на сталічным рынку новабудоўляў назіраецца высокая актыўнасць. Інтэнсіўнае зніжэнне ставак крэдытавання адкрыла для пакупнікоў недаступныя раней фінансавыя магчымасці, а дзякуючы спецпраграмам крэдытавання ўсё больш пакупнікоў выбіралі кватэру ў новабудоўлі, а не на другасным рынку. Усё гэта стымулявала рост цэн”, — адзначыла Жалава.
Пры гэтым яна заўважыла, што „паняцце сярэдняй цаны ў дачыненні да новабудоўляў вельмі ўмоўнае, паколькі на цану ў той ці іншы перыяд часу можа ўплываць досыць шмат фактараў”. „Для любога дома, акрамя непасрэдна класа якасці, вялікае значэнне мае стадыя будаўнічай гатоўнасці. Клас якасці вызначае стартавы ўзровень цэн, а стадыя будаўнічай гатоўнасці паступова яго павялічвае — чым вышэйшая гатоўнасць дома, тым большы кошт”, — прывяла прыклад кіраўнік кампаніі.
Паводле яе слоў, найбольшы роскід цэн адзначаецца ў класе „Прэстыж”. „Менавіта ў гэтым класе якасці значэнне кожнага з фактараў узмацняецца: месцазнаходжання, акружэння, вышыні паверху, выгляду з акна і інш. Напрыклад, у рамках аднаго жылога комплексу, пры аднолькавай будаўнічай гатоўнасці дамоў і колькасці пакояў у кватэры, цэны могуць адрознівацца на 100—200 долараў за квадратны метр”, — патлумачыла Жалава.
„Пакупнікам кватэры ў новабудоўлі не варта моцна арыентавацца на сярэднія цэны па Менску, паколькі нават у рамках аднаго класа якасці разбежка мінімальных і максімальных цэн можа дасягаць 40%. Напрыклад, цяпер па класе „Эканам” цэны вар’іруюцца ад 950 да 1.200 долараў за квадратны метр. А па астатніх класах якасці яны яшчэ большыя”, — адзначыла спецыяліст.
belapan.by