Рымашэўскі ў Вашынгтоне: У Беларусі магчымая „мяккая змена ўлады”



У ЗША знаходзіцца дэлегацыя лідараў беларускай правацэнтрысцкай кааліцыі ў складзе старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталя Рымашэўскага і лідара руху „За Свабоду” Юрася Губарэвіча.

Падчас сустрэч, арганізаваных у Вашынгтоне, яны заявілі, што ў Беларусі хутка адкрыецца „акно магчымасцяў”, якое можа быць выкарыстанае апазіцыяй для „мяккай” змены дзейнай улады.

На будучыя змены, на думку Віталя Рымашэўскага, паказваюць адразу некалькі фактараў. Самы значны — фактычная адмена нашумелага дэкрэта „аб дармаедах” пасля масавых пратэстаў, якія адбыліся летась па ўсёй краіне. „Упершыню за 23 гады кіравання Лукашэнка адступіў пад націскам грамадства і адмовіўся ад свайго дэкрэта. Таксама ў апошнія чатыры гады па нашых прапановах унесеныя змены ў некалькі законаў. Такое раней нельга было нават уявіць”, — сказаў Рымашэўскі.

Саступкі, на якія ідзе рэжым, апазіцыянеры тлумачаць рэакцыяй на паводзіны Расеі. „Вынік узмацнення ўплыву Расеі ў тым, што самы ўплывовы сярод беларусаў палітык носіць прозвішча не Лукашэнка, а Пуцін. Лукашэнка гэта разумее. Таму апошнім часам мы фіксуем пашырэнне пляцовак для тых груп, якія нясуць у грамадства ідэі беларускай незалежнасці, сапраўднай гісторыі, ведання мовы і культуры. Як прыклад — 25 сакавіка было дазволена правесці вялікае мерапрыемства, прысвечанае стагоддзю стварэння БНР, якое сабрала ў цэнтры Менска каля 50 тыс. чалавек„, — адзначыў Юрась Губарэвіч.

Паводле слоў Анатоля Лябедзькі, адносіны Лукашэнкі і Крамля — гэта „барацьба за даўжыню ланцугу”. „Лукашэнка бачыць, што адбываецца ва Украіне, ён напалоханы, ён хацеў бы зменаў, але яго магчымасці абмежаваныя. І гэта ў пэўным сэнсе „акно магчымасцяў” для апазіцыі, грамадзянскай супольнасці, незалежнай прэсы. Бо Лукашэнка хацеў бы падоўжыць гэты ланцуг”, — заявіў палітык.

Як лічыць Лябедзька, у міжнароднай супольнасці ёсць унікальны шанец ўздзейнічаць на Лукашэнку, але для гэтага патрэбная моцная палітычная воля і кааперацыя Вашынгтона і Бруселя. Сёння цікавасць да Беларусі ёсць толькі ў асобных вашынгтонскіх кабінетах, мяркуе лідар АГП. Паводле яго слоў, мэта цяперашняга візіту ў Вашынгтон — зрабіць так, каб Беларусі было больш у міжнародным і, у прыватнасці, амерыканскім парадку дня, і наадварот, каб ЗША было больш у Беларусі. „Увагу да Беларусі мы можам у будучыні канверсаваць у інвестыцыі, тэхналогіі і гэтак далей. Тыя 30-40%, як мы іх называем, „еўрабеларусаў” — гэта вынік розных міжнародных праграм: адукацыйных, культурных, інвестыцый у незалежныя масмедыя, падтрымкі праваабаронцаў. Калі ў Беларусі не будзе прысутнасці Захаду, то пустата не ўтворыцца — Расеі стане яшчэ больш„, — перасцярог Лябедзька.

„Мы падтрымліваем санкцыі супраць Расіі, таму што санкцыі супраць Лукашэнкі не працавалі, пакуль не было санкцый супраць Расіі, — заявіў Віталь Рымашэўскі. — Чым слабейшая Расея, тым больш магчымасці быць свабоднымі ў краін, якія побач з Расеяй”.

У рамках трохдзённага візіту беларускіх палітыкаў у ЗША запланаваныя сустрэчы з кангрэсменамі, журналістамі, прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый і дыяспары.  БелаПАН