Насельніцтва застаецца чыстым прадаўцом замежнай валюты



Фізічныя асобы ў траўні больш прадаюць замежнай валюты, чым купляюць, паведаміў БелаПАН суразмоўца ў банкаўскіх колах, які аналізаваў сітуацыю на ўнутраным валютным рынку.

„У траўні насельніцтва застаецца чыстым прадаўцом інвалюты. Можна чакаць, што ў цэлым па годзе гэты трэнд захаваецца і, хутчэй за ўсё, ва ўлад атрымаецца выкупляць лішак валюты на ўнутраным рынку, але ў меншых аб’ёмах у параўнанні з мінулым годам”, — выказала меркаванне крыніца.

Велічыня попыту і прапановы замежнай валюты, адзначыў ён, будзе залежаць ад унутраных і знешніх фактараў: „Унутраны фактар, які будзе ўплываць на стан валютнага рынку, — палітыка дзяржавы ў галіне заработнай платы, знешні — геапалітычная абстаноўка, якая праз Расію будзе традыцыйна ўплываць на нас”.

У студзені—красавіку насельніцтва купіла на ўнутраным рынку 2 млрд 413,8 млн долараў, што на 36,9% больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. У той жа час аб’ём продажу замежнай валюты фізічнымі асобамі склаў 2 млрд 864,3 млн долараў, што на 15,5% больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

На думку экспертаў, істотны рост куплі валюты з боку насельніцтва абумоўлены тым, што ўлады летась стымулявалі рост даходаў насельніцтва, у выніку чаго зарплата ў сакавіку 2018 года ва ўсіх абласцях вырасла на 18-20% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Аналітыкі валютнага рынку лічаць, што эканамічныя ўлады будуць пазбягаць далейшага стымулявання заробкаў, паколькі насельніцтва ў гэтым выпадку можа стаць чыстым пакупніком валюты.

„Такі паварот падзей прывядзе да ўзмацнення націску на курс беларускага рубля, зніжэння рэзерваў, якія неабходна для пагашэння назапашаных даўгоў, таму эканамічныя ўлады наўрад ці захочуць да гэтага даводзіць сітуацыю”, — выказаў меркаванне ў каментары БелаПАН старэйшы аналітык форэкс-брокера „Альпары” Вадзім Іосуб.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што сітуацыя на валютным рынку залежыць не толькі ад унутраных, але і ад вонкавых фактараў.

„Красавіцкія заходнія санкцыі мелі негатыўны эфект на валютны рынак Расіі, і ніхто не ведае, як санкцыйная гісторыя будзе развівацца далей. Але адно відавочна: высокая залежнасць Беларусі ад Расіі прыводзіць да таго, што стан валютнага рынку нашай краіны шмат у чым зараз залежыць ад знешніх фактараў”, — заявіў аналітык.

belapan.by