Жыхару Лунінецкага раёна прысудзілі 2 гады за катаванне жонкі



За катаванне жонкі асуджаны 30-гадовы непрацоўны жыхар аграгарадка Вулька-2 Лунінецкага раёна.

Як паведаміла старшы пракурор аддзела пракуратуры Берасцейскай вобласці Дар’я Жук, з лютага па ліпень 2017 года мужчына ў стане алкагольнага ап’янення неаднаразова збіваў жонку рукамі і нагамі, табурэтам, палкай. У ліпені жанчына звярнулася ў праваахоўныя органы. Пасля праверкі ў дачыненні да яе мужа распачалі крымінальную справу.

20 сакавіка 2018 года суд Лунінецкага раёна прызнаў мужчыну вінаватым у наўмысным сістэматычным нанясенні пабояў, катаванні (ч. 1 арт. 154 КК) і прыгаварыў да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму са штрафам у 30 базавых велічынь (735 рублёў). Паводле рашэння суда яму прызначанае прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму.

Вясковец абскардзіў прысуд, палічыўшы яго занадта суровым.

18 мая судовая калегія па крымінальных справах Берасцейскага абласнога суда пакінула скаргу без задавальнення, прыгавор раённага суда — без змены. Ён набыў законную моц.

Раней мужчына быў судзімы за наўмыснае прычыненне лёгкіх цялесных пашкоджанняў бацьку.

belapan.by