Юры Чавусаў: Улада вырашыла замест турэмнага зняволення больш выкарыстоўваць штрафы
Выключэнне з Крымінальнага кодэксу артыкула 193.1 “Незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонду або ўдзел у іх дзейнасці” не прынясе палёгкі беларускай грамадзянскай супольнасці, – лічаць беларускія праваабаронцы. Замест крымінальнай адказнасці з’явіцца адміністрацыйная, з пакараннем штрафамі да 50-ці базавых велічынь. Адпаведны законапраект унесены Саветам Міністраў у парламент.
Каментуе юрыст Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі Юры Чавусаў:
Сітуацыя нагадвае тое, што адбылося са свабодай сходаў. Калі кожны арышт, кожнае збіццё на вуліцах удзельнікаў мірных сходаў было прадметам крытыкі, дык замест арыштаў пачалі выкарыстоўваць штрафы, бо міжнародныя арганізацыі менш на гэта звяртаюць увагу. То бок улады вырашылі пайсці на тое, каб выкарыстоўваць адказнасць у выглядзе штрафаў, бо адказнасць у выглядзе турэмнага зняволення па артыкуле 193 выклікала адразу ж бурную рэакцыю міжнароднай супольнасці, таму што гэты артыкул быў яскрава палітычным.
“Можна толькі вітаць скасаванне артыкула 193.1 Крымінальнага кодэксу, але і ўводзіць адміністрацыйнае пакаранне таксама нельга”, – дадае Юры Чавусаў:
Спашлюся на заяву беларускіх праваабарончых арганізацый, якая апублікаваная на сайце Праваабарончага цэнтра «Вясна», на іншых сайтах – БХК, Цэнтра прававой трансфармацыі, Асамблеі няўрадавых арганізацый. Яны заклікаю парламентароў скасаваць артыкул 193.1, не ўводзіць адміністрацыйную адказнасць у выглядзе штрафа і распачаць дыскусія, каб прывесці беларускае заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі.
Артыкул 193.1 Крымінальнага кодэксу прадугледжвае адказнасць за дзейнасць незарэгістраванага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі альбо фонду – да двух гадоў турмы. Як лічаць праваабаронцы, наяўнасць гэтага артыкула перашкаджае нармальнаму развіццю грамадзянскай супольнасці, асабліва з улікам складанай працэдуры рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў. Ён трактуе як злачынства практычна любую самастойную ініцыятыву грамадзян. Парушае права грамадзян на аб’яднанне і супярэчыць Канстытуцыі і міжнародным дакументам.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя