Ці дазволяць у Бярозе пікет да Міжнароднага дня правоў чалавека?
Бярозаўскія праваабаронцы чарговы раз спрабуюць дамагчыся дазволу на пікет, прысвечаны Міжнароднаму дню правоў чалавека. Яны падалі заявы на заключэнне дамоваў з медыкамі, жыллёва-камунальнай гаспадаркай і міліцыяй. Хоць ёсць пастанова Савета Міністраў, што з міліцыяй пасля падачы заявы на масавае мерапрыемства павінен дамаўляцца сам райвыканкам, кажа праваабаронца Сяржук Русецкі :
– Пакуль раённыя ўлады фактычна не змянілі сваё рашэнне аб правядзенні масавых мерапрыемстваў – патрабаванне заключыць дамову з міліцыяй на сёння яшчэ не адмененае. Мы ізноў падаём заявы ў міліцыю, а паралельна думаем звярнуцца ў аблвыканкам і галоўную управу юстыцыі аблвыканкама наконт тых зменаў, якія правёў Бярозаўскі райвыканкам адносна свайго рашэння аб правядзенні масавых мерапрыемстваў у Бярозаўскім раёне, і якія, насамрэч, нічога не мяняюць.
Ужо паўтара гада праваабаронцы змагаюцца за перамену рашэння райвыканкама згодна пастановы Савета Міністраў. Менавіта немагчымасць заключэння дамоваў з міліцыяй з’яўляецца нагодай для райвыканкама ў адмове масавых мерапрыемстваў для дэмакратычнай супольнасці.
29 верасня быў атрыманы адказ з райвыканкама за подпісам намесніка старшыні Яўгена Тарасюка, што пасля юрыдычнай экспертызы змены будуць надрукаваныя ў мясцовай прэсе. Да гэтага часу праваабаронцы чакаюць.
Беларускае Радыё Рацыя