Грамадскія дзеячы Беларусі просяць Пуціна „ўмяшацца ў лёс” палітвязня Сянцова
Больш за 130 грамадскіх і творчых дзеячаў Беларусі падпісалі зварот да прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна з просьбай „умяшацца ў лёс” украінскага рэжысёра Алега Сянцова, асуджанага ў Расеі, які аб`явіў галадоўку.
Ініцыятарам звароту стала беларуская праваабаронца Таццяна Гацура-Яворская. 21 траўня дакумент перададзены ў пасольства Расеі ў Менску.
У звароце нагадваецца, што 11 мая 2014 года ФСБ Расеі затрымала вядомага рэжысёра Алега Сянцова, грамадзяніна Украіны. Яму інкрымінавалі дачыненне да тэрарызму. Пры гэтым Сянцову было адмоўлена ў прызнанні яго ўкраінскага грамадзянства.
Судом Сянцоў прыгавораны да 20 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму. Ён не прызнаў прысуд, бо не падаваў заяў аб пазбаўленні яго ўкраінскага грамадзянства і аб прыняцці грамадзянства Расейскай Федэрацыі. Зараз Сянцоў абвясціў бестэрміновую галадоўку з патрабаваннем вызвалення ўсіх палітзняволеных грамадзян Украіны, якія знаходзяцца ў расейскіх турмах.
МЗС Украіны афіцыйна лічыць палітычнымі вязнямі 64 чалавекі. Большасць з іх — крымскія татары, асуджаныя або арыштаваныя паводле абвінавачання ва ўдзеле ў арганізацыі „Хізб ут-Тахрыр”, якую Расея прызнала тэрарыстычнай і забараніла. Міжнародная супольнасць таксама прызнала палітвязнямі Сянцова і іншых асуджаных у Расіі грамадзян Украіны. У абарону Сянцова выступалі палітыкі і творчыя дзеячы па ўсім свеце.
У межах мінскіх пагадненняў неаднаразова гаварылася пра магчымасць абмену асуджаных украінскіх грамадзян на расейскіх, арыштаваных ва Украіне.
„Мы, грамадскія дзеячы і творчыя калегі Алега Сянцова, лічым такі абмен найлепшай дэманстрацыяй імкнення абодвух бакоў да спынення канфлікту, а таксама асуджаем пераслед як украінскіх, так і расійскіх грамадзян за іх палітычныя перакананні, — гаворыцца ў звароце. — Просім вас у адпаведнасці з вашымі паўнамоцтвамі і службовымі абавязкамі тэрмінова вярнуцца да перамоў аб абмене „ўсіх на ўсіх” у межах менскіх пагадненняў”.
Зварот падпісалі больш як 130 чалавек — беларускія літаратары, рэжысёры, журналісты, перакладчыкі, тэатральныя крытыкі, гісторыкі, праваабаронцы, а таксама Цэнтр прававой трансфармацыі, кансорцыум „ЕўраБеларусь”, Беларуская асацыяцыя журналістаў і грамадскае аб`яднання „Звяно”.
Фота AP / Scanpix / LETA