Як быў скрадзены архіў газеты „Свабода”
У ноч на 1 лістапада 1998 года офіс рэдакцыі газеты „Свабода” (“Навіны”), які знаходзіўся на першым паверсе жылога дома на вуліцы Змітрака Бядулі, быў абрабаваны. Следства па справе вялі супрацоўнікі Партызанскага РАУСа г.Менска.
3 лістапада 1998 года я узяла інтэрв’ю ў галоўнага рэдактара газеты Ігара Гермянчука для праваабарончага выдання „Права на Волю”. Вось фрагмент таго, што распавёў Ігар Гермянчук у 1998 годзе: „Адбылося надзвычайнае здарэнне, у выніку якога на пэўны час была паралізаваная работа рэдакцыі – сарвалі выхад газеты. У нядзелю, мы, як звычайна, прыйшлі на працу і ўбачылі, што офіс нашай рэдакцыі абрабаваны. Злодзеі ўлезлі ў памяшканне праз вакно. Усе кампутары былі дэмантаваныя, прычым узялі толькі працэсары, а маніторы засталіся. Яны ўзялі працэсары не ў цэлым выглядзе, а забралі ўсё начынне з іх. З рэдакцыі таксама вынеслі факс. У выніку мы не змаглі выпусціць чарговы нумар газеты. Натуральна, мы адразу выклікалі міліцыю. У рэдакцыі супрацоўнікі міліцыі распачалі следчыя дзеянні: шукалі адбыткі пальцаў і ўсё астатняе. Была заведзеная крымінальная справа, і мясцовы аддзел міліцыі пачаў следства. Тым часам мы павінны былі працягваць выпуск газеты. Мы не маглі сабе дазволіць, каб газета не выходзіла доўга. Адзін выпуск быў сарваны, але ўжо на наступны дзень газета выйшла. Мы пазычылі два кампьютары, гэта мала, але ўсё ж дазволіла нам аднавіць выпуск газеты. Гэтае рабаванне нейкае падазронае, таму што ў рэдакцы былі іншыя каштоўныя рэчы, акрамя камп’ютараў. Быў тэлевізар, стаяў сейф, які рабаўнікі лёгка маглі ўскрыць, але ніхто гэтага не спрабаваў. Скралі менавіта працэсары. Таму мы не выключаем, што гэта магло быць зроблена не для таго, каб скрасці нашыя матэрыяльныя каштоўнасці, а каб завалодаць нашым банкам дадзеных, інфармацыйнымі рэсурсамі, якія назапашваліся восем гадоў. Вось адна мэта, другая – каб пазбавіць нас гэтых рэсурсаў, паралізаваць нашую дзейнасць. Такім чынам, страты, нанесеныя нам ацэньваюцца ў 3 тысячы даляраў, але намнога больш каштоўныя тыя карысныя рэсурсы, якія мы страцілі. У прыватнасці, у нас былі такія салідныя базы дадзеных, розныя архіўныя матэрыялы і больш за 2 тысячы фотаздымкаў, якія існавалі толькі ў электронным выглядзе.
Мы заявілі следству, што не выключаем магчымасці, што гэтая справа магла быць ўчыненая адной са спецслужбаў Рэспублікі Беларусь. 24-га лістапада 1997 года газета “Свабода”была забароненая. Яна выходзіла 8 гадоў, а за 15 хвілін яе забаранілі. Нам давялося ўсё пачынаць з нуля: ад новай назвы і нуля чытачоў. У „”Свабоды” быў наклад 50 тысячаў”.